ГАРАДСКО́Е ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш. еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.
На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.
Літ.:
Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.
З.Ю.Капыскі.
т. 5, с. 48
ГАРАДЦО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён ранняй пары верхняга палеаліту (каля 40—24 тыс. г. назад), што насялялі вярхоўі Дона. Назва ад прозвішча аднаго з першых даследчыкаў культуры В.А.Гарадцова. Насельніцтва займалася паляваннем на мамантаў і коней, жыло у наземных жытлах, пабудаваных, верагодна, з выкарыстаннем дрэва. Вырабляла крамянёвыя долатападобныя прылады, дробныя скрабкі, скрэблы, багата арнаментаваныя касцяныя прылады, упрыгожанні, лапатачкі т.зв. «гарадцоўскага тыпу» (вёслападобныя прылады са сценак трубчастых галёначных касцей маманта).
т. 5, с. 48
ГАРАДЫ́,
бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Я.Р.Вількін.
т. 5, с. 48
ГАРА́ЕЎ Віталь Мікалаевіч
(14.4.1910, г. Курган, Расія — 1982),
рускі графік. Нар. мастак СССР (1981). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. і Маскоўскім паліграф. ін-тах (1929—34). Аўтар экспрэсіўных сатыр. малюнкаў і карыкатур (надрукаваны пераважна ў час. «Крокодил»), станковых малюнкаў (серыя «Амерыканцы ў сябе дома»), ілюстрацый («Пецярбургскія аповесці» М.В.Гогаля, 1965, «Тры таўстуны» Ю.К.Алешы, 1968) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1967.
т. 5, с. 48
ГАРА́Ж
(франц. garage ад garer ставіць пад навес, схаваць),
памяшканне (або комплекс збудаванняў) для захоўвання, тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Адрозніваюць гаражы для грузавых, легкавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, а таксама мяшаныя. Гаражы бываюць наземныя, паўпадземныя і падземныя; адно- і шматпавярховыя, у т. л. гаражы-этажэркі (без абмежавальных сцен). Расстаноўка аўтамабіляў тупіковая і праматочная; адна- і шматрадная. Спец. гаражы выкарыстоўваюць для захоўвання трактароў і інш. самаходных машын.
т. 5, с. 48
ГАРАЖА́НКА,
назва р. Усыса ў верхнім цячэнні.
т. 5, с. 48
ГАРАЖА́НКІН Іван Мікалаевіч
(28.8.1848, г. Варонеж, Расія — 20.11.1904),
рускі батанік; заснавальнік параўнальна-эмбрыялагічнага кірунку ў батаніцы і навук. школы марфолагаў раслін. Праф. (1881). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871). Працаваў у ім з 1875. Навук. працы па апладненні ў зялёных водарасцей і голанасенных раслін. Распрацаваў сістэму расліннага свету. Вызначыў паняцце археганіяльных раслін (мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя).
Літ.:
Мейер К.И. И.Н.Горожанкин и его роль в развитии русской ботаники (1848—1904). М., 1966.
т. 5, с. 48
ГАРАІ́Н Ян Непамуцэн
(1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
А.П.Грыцкевіч.
т. 5, с. 48
ГАРАІ́НАВА Зінаіда Сяргееўна
(15.10.1914, с. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 14.2.1969),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1966), праф. (1967). Скончыла Новачаркаскі зоавет. ін-т (1938). З 1956 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па страўнікава-кішачных хваробах буйн. раг. жывёлы.
т. 5, с. 49