ГАРА́Ж

(франц. garage ад garer ставіць пад навес, схаваць),

памяшканне (або комплекс збудаванняў) для захоўвання, тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Адрозніваюць гаражы для грузавых, легкавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, а таксама мяшаныя. Гаражы бываюць наземныя, паўпадземныя і падземныя; адно- і шматпавярховыя, у т. л. гаражы-этажэркі (без абмежавальных сцен). Расстаноўка аўтамабіляў тупіковая і праматочная; адна- і шматрадная. Спец. гаражы выкарыстоўваюць для захоўвання трактароў і інш. самаходных машын.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)