Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

НІЖЫ́НСКАЯ (Браніслава Фамінічна) (8.1.1891, Мінск —22.2.1972),

расійская танцоўшчыца, балетмайстар, педагог; адзін з рэфарматараў харэаграфіі 20 ст. Сястра В.Ф.Ніжынскага. Скончыла Пецярбургскую тэатр. школу (1908). У 1908—11 у Марыінскім т-ры. У 1909—13 выступала ў спектаклях Рускіх сезонаў за мяжой; партыі Матылёк («Карнавал» на муз. Р.​Шумана), Вулічная танцоўшчыца («Пятрушка» І.​Стравінскага) і інш. З 1915 выступала і выкладала ў Кіеве. У 1921—24 танцоўшчыца, балетмайстар і рэж. трупы Рускі балет Дзягілева. Ў 1938 засн. балетную школу ў Лос-Анджэлесе, з 1952 кіравала школай «Бале тыэтр» (Нью-Йорк). Да 1966 працавала ў т-рах і трупах свету. Сярод пастановак: «Байка пра Лісу...» (1922), «Вяселейка» (1923), «Пацалунак феі» (1928) Стравінскага, «Лані» Ф.​Пуленка і «Блакітны экспрэс» Д.​Міё (1924), «Эцюды» на муз. І.​С.​Баха і «Варыяцыі» на муз. Л.​Бетховена (1932), «Гамлет» на муз. Ф.​Ліста (1934, і гал. роля). Сярод вучняў А.​Кент, С.Ліфар. Аўтар кн. «Школа руху: тэорыя харэаграфіі» (1920), «Танцавальная спадчына» (выд. 1986) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 329

НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),

расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).

У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.​Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.​Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.​Шумана, «Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.​М.​Вебера, «Пятрушка» І.​Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.​Ана, «Дафніс і Хлоя» М.​Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.​Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.​Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.​Чайкоўскага і П.​Анры (1971, паст. М.​Бежар), «Вацлаў» на муз. І.​С.​Баха (1979, паст. Дж.​Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.

Літ.:

Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;

Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;

1990. № 1.

Л.​А.​Сівалобчык.

В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.

т. 11, с. 329

НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф

(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),

азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.​Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.​Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.​Бачыла і Р.​Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Пять поэм. М., 1968;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;

Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.

т. 11, с. 330

НІЗА́М АЛЬ-МУЛЬК.

Нізам ал-Мулк (тытул Абу Алі аль-Хасана ібн Алі ібн Ісхака ат-Тусі; 1017, каля г. Тус, Іран — 14.10.1092), дзяржаўны дзеяч Сельджукскай дзяржавы. Везір сельджукскіх шахаў Алп-Арслана (з 1063) і Мелік-шаха (з 1072). Прыхільнік моцнай цэнтралізаванай улады, аўтар кнігі пра майстэрства дзярж. кіравання «Сіясет-намэ». Забіты ісмаілітамі.

Тв.:

Рус. пер. — Сиасет-намэ: Книга о правлении вазира XI столетия Низам ал-Мулька. М.; Л., 1949.

т. 11, с. 330

НІЗАЎЦО́ВА (Людміла Арсеньеўна) (н. 25.6.1943, г. Кіраў, Расія),

вучоны ў галіне мед. радыялогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1998). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1967). У 1977—94 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1990 заг. лабараторыі). З 1996 у Маскве. Навук. працы па рэнтгеналагічных даследаваннях у кардыялогіі і кардыяхірургіі, мед. радыялогіі, масавых абследаваннях насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Неинвазивные рентгенологические исследования // Инструментальные методы исследования в кардиологии. Мн., 1994.

т. 11, с. 330

«НІ́ЗГАЛАВА»,

гл. ў арт. Дварнізгалаўская сядзіба.

т. 11, с. 330

НІ́ЗГАЛАЎЕ,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 20 км на З ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,5 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Аб’ём вады 0,97 млн. м³. Пл. вадазбору 11,5 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 10—13 м, спадзістыя, пераважна разараныя. Водапрыток па некалькіх меліярац. канавах, на Пд выцякае ручай у р. Ула.

т. 11, с. 330

НІЗІ́НА, нізінная раўніна,

участак сушы значнай працягласці, размешчаны не вышэй за 200 м над узроўнем мора з раўніннай, часам узгорыстай паверхняй. Існуюць у раўнінных і горных абласцях; некаторыя размешчаны ніжэй узроўню мора (Прыкаспійская Н.). Фарміруюцца пераважна ў выніку тэктанічных апусканняў і запаўнення ўпадзін рыхлымі марскімі або кантынентальнымі адкладамі. Найб. значная Н. зямнога шара — Амазонская. На Беларусі Н. займаюць ​3/4 тэрыторыі. Найб. Н.: Палеская, Нёманская, Полацкая.

т. 11, с. 330

НІЗІ́ННАЕ БАЛО́ТА, эўтрофнае балота, травяное балота,

тып балот з багатым мінер. жыўленнем пераважна за кошт грунтавых вод. Фарміруюцца пры забалочванні сушы, зарастанні вадаёмаў, у далінах рэк, па берагах азёр, у месцах выхаду крыніц на схілах і інш. Характарызуецца ўвагнутай або плоскай паверхняй, багатым відавым складам раслін (вольха, вярба, бяроза, елка, зялёныя мхі). У раёнах з умераным кліматам гэта лясныя (з бярозай, вольхай), травяныя (з асокамі, трыснягом, рагозам) балоты; травяныя балоты ў дэльтах рэк Дняпро, Дон, Волга, Кубань, Дунай наз. плаўнямі. На Беларусі Н.б. займаюць 82,7% плошчы ўсіх балот. Пашыраны пераважна на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне (гл. таксама Балота).

т. 11, с. 330