ГАЛУ́Н
(франц. galon),
тоўстая стужка або тасьма шырынёй 5—60 мм з баваўнянай пражы, хім. нітак, шоўку, часта з залатой, сярэбранай ніткай ці мішурой. Выкарыстоўваецца пры вырабе знакаў узнагароды і для аздаблення форменнага адзення.
т. 4, с. 473
ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ
(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.
Літ.:
Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.
т. 4, с. 473
ГАЛУРГІ́Я
(ад гала... + грэч. ergon справа),
галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.
Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.П.Ільінскага, А.Б.Зданоўскага, У.В.Вязавова, А.Дз.Кашкарова і інш.
На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд. т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.
Літ.:
Галургия: Теория и практика. Л., 1983.
М.І.Вараб’ёў.
т. 4, с. 473
ГАЛУХО́ЎСКІ (Gołuchowski) Юзаф
(11 або 14.4.1797, мяст. Лончкі Кухарскія, Польшча — 22.11.1858),
польскі філосаф, адзін са стваральнікаў т.зв. нац. філасофіі. Праф. філасофіі Віленскага ун-та (1823—24). Паслядоўнік Ф.Шэлінга. Праціўнік матэрыялізму. Аўтар канцэпцыі «дзяржава—народ» як боскае стварэнне са своеасаблівым нац. духам. Мэтай філасофіі лічыў выражэнне гэтага духу. Аўтар прац «Філасофія ў яе адносінах да жыцця ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека паасобку» (1822), «Разважанні над найгалоўнейшымі праблемамі чалавека...» (т. 1—2, 1861) і інш. Выступаў супраць усеўладдзя розуму, прызнаваў першынство пачуццёвасці і інтуіцыі. Выказваў ідэі класавага супрацоўніцтва, быў праціўнікам радыкальнага вырашэння сял. пытання і падтрымліваў прыгон. Паўплываў на філаматаў, філарэтаў і іншыя т-вы на Беларусі і ў Літве.
т. 4, с. 474
ГАЛУ́ШКА Васіль Міхайлавіч
(н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.
Тв.:
Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;
Питательность кормов: Справ. пособие. Мн,, 1985 (у сааўт.);
Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).
т. 4, с. 474
ГАЛУШКЕ́ВІЧ Уладзімір Сяргеевіч
(2.1.1898, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 2.2.1964),
генерал-лейтэнант (1962). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З лют. 1918 у 3-м Магілёўскім атрадзе Чырв. гвардыі, з 1934 у штабе арміі і Генштабе РСЧА. У Вял. Айч. вайну на Цэнтр., Зах. франтах: нач. аператыўнага аддзела, нам. нач. штаба фронту. Пасля вайны ў Ваенна-навук. упраўленні Генштаба.
т. 4, с. 474
ГАЛУ́ШКІ,
1) бел. традыцыйная страва, вядомая і інш. слав. народам. На Беларусі наз. таксама палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні або ў адну качулку і рэзалі на кавалкі. Галушкі варылі, потым заскварвалі салам, залівалі малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі з юшкаю гатавалі як рэдкую страву. Вядомы па ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.
2) Пшанічная булачка. Існаваў звычай пячы на саракі 40 галушак. Цяпер сустракаецца спарадычна на Палессі.
Г.Ф.Вештарт.
т. 4, с. 474
ГАЛУ́ШКІН Барыс Лаўрэнцьевіч
(12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.
т. 4, с. 474