ГАЛУ́ШКІ,

1) бел. традыцыйная страва, вядомая і інш. слав. народам. На Беларусі наз. таксама палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні або ў адну качулку і рэзалі на кавалкі. Галушкі варылі, потым заскварвалі салам, залівалі малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі з юшкаю гатавалі як рэдкую страву. Вядомы па ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.

2) Пшанічная булачка. Існаваў звычай пячы на саракі 40 галушак. Цяпер сустракаецца спарадычна на Палессі.

Г.Ф.Вештарт.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)