Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.

Тв.:

Герметичные электронасосы для химически активных жидкостей: Конструкция, испытания, эксплуатация. Мн., 1989;

Энергетика завтрашнего дня. Место в ней энергетики Беларуси // Финансы, учет, аудит. 1997. № 1.

т. 6, с. 395

ЕРМЯНЁЎ (Іван Аляксеевіч) (1746 — пасля 1797),

рускі графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1761—67) і Каралеўскай акадэміі ў Парыжы (каля 1775—88). З пач. 1790-х г. жыў у С.-Пецярбургу. Аўтар шэрагу нетыповых для рус. мастацтва 2-й пал. 18 ст. жанравых сцэн з сял. жыцця (найчасцей сляпых жабракоў), імкнуўся да дакладнай перадачы ўбачаных эпізодаў ці падзей: акварэлі «Жабракі», «Сялянскі абед», «Сляпыя спяваюць» (усе 1770-я г.).

І.Ермянёў. Сляпыя спяваюць. 1770-я г.

т. 6, с. 395

Е́РНЕ ((Jerne) Нільс Кай) (23.12.1911, Лондан — 1994),

дацкі імунолаг. Замежны ганаровы чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў, чл. Дацкай каралеўскай АН. Вучыўся ў Лейдэнскім, скончыў Капенгагенскі (1951) ун-т. Да 1954 працаваў у Дацкім дзярж. ін-це сываратак, у 1960—62 у Жэнеўскім ун-це, з 1966 ва Ун-це Гётэ ў Франкфурце, у 1969—80 дырэктар Базельскага ін-та імуналогіі. З 1962 чл. Кансультатыўнай экспертнай камісіі па імуналогіі Сусв. арг-цыі па ахове здароўя. Стварыў (разам з Ф.М.Бёрнетам) кланальна-селекцыйную тэорыю імунітэту; выявіў магчымыя наступствы розных меркаванняў і распрацаваў дакладную, адзіную тэрміналогію, зручную для зносін паміж імунолагамі. Нобелеўская прэмія 1984 (разам з Г.Кёлерам і С.Мільштэйнам).

Н.К.Ерне.

т. 6, с. 395

Ерын Леанід Ціханавіч

т. 18, кн. 1, с. 384

ЕРЭВА́Н,

сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.

Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).

Адзін з найб. стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 да н.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам. развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.

Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст. да н.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст. да н.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.А.Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.А.Сафаран, В.А.Арэўшацян, Р.С.Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.У.Грыгаран і Э.А.Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж. т-р оперы і балета імя А.А.Спендыярава (1926—39, арх. А.І.Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм. т-р імя Г.Сундукяна (1965, арх. Р.Б.Алавердзян і Р.А.Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.Р.Азацян, Б.А.Арзуманян, скульпт. А.А.Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.А.Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.С.Акапян, А.С.Алексанян, Э.А.Сафаран). Помнікі: С.Шаўмяну (1931, скульпт. С.Дз.Мяркураў, арх. І.У.Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.С.Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.А.Тарханян, С.Г.Калашан) і інш.

АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л. ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.

Панарама Ерэвана.
Да арт. Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.А.Спендыярава. Арх. А.Таманян. 1926—53.

т. 6, с. 395

ЕРЭВА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

гл. Эрыванскае ханства.

т. 6, с. 396

ЕСАКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; 18.12.1911, в. Новікава Галіцкага р-на Кастрамской вобл., Расія — 13.6.1985),

бел. крытык і тэатразнавец. Вучыўся ў Ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1932—35, Масква). Працаваў у ТРАМе, газ. «Літаратура і мастацтва» і інш. У 1960—74 у Літ. музеі Я.Купалы. Аўтар кніг «Уладзімір Крыловіч» (1956), «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), «Зерне да зерня: Абразкі з жыцця Янкі Купалы» (1977).

т. 6, с. 396

ЕСЕНБЕ́РЛІН (Ільяс) (1.1.1915, г. Атбасар, Казахстан — 4.10.1983),

казахскі пісьменнік. Скончыў Каз. горна-металургічны ін-т (1940). Друкаваўся з 1945. У паэмах «Айша», «Султан» (абедзве 1945), «Трагедыя Біржан-Сала» (1959), раманах «Схватка» (1966; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1968), «Небяспечная пераправа» (1967), «Закаханыя» (1968), «Залатыя коні прачынаюцца» (1976), гіст. трылогіях «Качэўнікі» (1969—73; асобнае выд. 1976), «Залатая Арда» (кн. 1—3, 1979—83) сучаснае і мінулае каз. народа, лёс і праблемы вёскі. Аўтар п’ес, тэкстаў каз. песень (больш за 40). На бел. мову асобныя творы Е. пераклаў В.Бечык.

Тв.:

Бел. пер. — Небяспечная пераправа: Раман. Мн., 1985.

Ж.Сахіеў.

т. 6, с. 396

Е́СЕНІК (Jesenik),

кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).

т. 6, с. 396

Е́СЕНСКІ ((Jesenský) Янка) (30.12.1874, г. Марцін, Славакія — 27.12.1945),

славацкі пісьменнік. Д-р права (1901). Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Друкаваўся з 1897, прызнанне атрымаў як паэт-лірык (зб. «Вершы», 1905, і «Вершы II», выд. ў 1923) і як навеліст з яркім сатырычным талентам (кн. «Правінцыяльныя апавяданні», 1913). У 1-ю сусв. вайну на ўсх. фронце, добраахвотна здаўся ў палон. Знаходзіўся ў лагерах, потым на вольным пасяленні ў Варонежы, Кіеве і Пецярбургу, дзе працаваў у рэдакцыі славацкай газеты. Настроі гэтай пары адлюстраваны ў зб. вершаў «З палону» (1919) і ў кн. ўспамінаў «Шляхам да волі» (1933). У паэт. зб-ках «Пасля буры» (1934), «Супраць ночы» і «На злобу дня I, II» (абодва 1945), «Чорныя дні» (1948) рэзкая крытыка тагачасных падзей, асабліва фашызму. Аўтар кн. апавяданняў «Навелы» (1921), «З старых часоў» (1935), сатыр. рамана «Дэмакраты» (ч. 1—2, 1934—37).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1981.

І.А.Чарота.

т. 6, с. 396