Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКА́Д

(Akkad),

Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на Пн Месапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.

Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.

Да арт. Акад. Стэла цара Нарамсіна. 23 ст. да н.э.

т. 1, с. 178

АКАДЗА́КІ,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю, у прэфектуры Айты (у агламерацыі Нагоя). 294 тыс. ж. (1987). Цэнтр тэкст. прам-сці. Хім., харч., маш.-буд. прадпрыемствы.

т. 1, с. 178

АКАДЭ́М,

у грэчаскай міфалогіі афінскі герой, які паказаў Дыяскурам, дзе схавана іх сястра Алена, украдзеная Тэсеем. Лічылася, што Акадэм пахаваны ў свяшчэнных садах паблізу Афін, дзе каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу Платон (пазней названа «акадэміяй»).

т. 1, с. 178

АКАДЭМІ́ЗМ

(франц. académisme),

1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.

2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.

3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт. Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл. Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.

т. 1, с. 178

АКАДЭ́МІІ ВАЕ́ННЫЯ,

гл. ў арт. Ваенныя навучальныя ўстановы.

т. 1, с. 178

АКАДЭ́МІІ МАСТА́ЦКІЯ,

установы (найчасцей дзярж.), якія з’яўляюцца навукова-творчымі цэнтрамі ў пытаннях класічных мастацтваў, а таксама вышэйшыя (часам прыватныя) маст. школы.

Першапачаткова акадэміі мастацкія, што ўзніклі ў Італіі ў 16 ст., былі свабоднымі аб’яднаннямі мастакоў, якія вывучалі мастацтва антычнасці, прыёмы майстроў Адраджэння і вял. значэнне надавалі малюнку як асн. форме мастацтва. Першая ўласна акадэмія мастацкая створана ў Парыжы ў 1648 як Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры, дзе на аснове прынцыпаў класіцызму былі распрацаваны правілы т.зв. «вялікага стылю» прыдворнага арыстакратычнага мастацтва. На ўзор парыжскай створаны акадэміі мастацкія ў Вене (1692), Берліне (1694), Лондане (1768) і інш.

У 1757 створана першая рас. акадэмія мастацкая (Пецярбург; існавала да 1918). У ёй вучыліся і мастакі з Беларусі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, А.Гараўскі, Ф.Гарэцкі, Ф.Дмахоўскі, К.Кукевіч, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, Б.Тамашэвіч, І.Трутнеў, І.Хруцкі і інш. У 19 ст. многія акадэміі мастацкія ператварыліся ў цэнтры афіц. мастацтва і праваднікоў ідэаліст. эстэтыкі, сталі тормазам у развіцці прагрэсіўнага мастацтва. Паміж мастакамі-рэалістамі і прадстаўнікамі акад. мастацтва ішла барацьба (гл. Перасоўнікі). Пецярбургская акадэмія мастацкая, як і многія інш., захавала сваё значэнне як школа прафес. майстэрства. У 19 ст. на Захадзе акадэміямі часам наз. прыватныя маст. студыі (акадэмія Жуліяна ў Парыжы) і інш. У 1933 у Ленінградзе створана як ВНУ Усерас. акадэмія мастацкая, рэарганізаваная ў 1947 у акадэмію мастацкую СССР (Масква), з 1991 Расійская акадэмія мастацтваў. На Беларусі працуе (з 1991) Беларуская акадэмія мастацтваў.

т. 1, с. 178

АКАДЭ́МІІ МУЗЫ́ЧНЫЯ,

1) навукова-маст. аб’яднанні філосафаў, паэтаў, музыкантаў, аматараў мастацтва ў Італіі і інш. еўрап. краінах у 2-й пал. 15—17 ст. Існавалі як навукова-муз. т-вы, у дзейнасці якіх вял. значэнне надавалася музіцыраванню (акадэмія дэль Аркадыя ў Рыме), і муз. т-вы, якія аб’ядноўвалі прафес. музыкантаў і аматараў (займаліся навук. дзейнасцю, наладжвалі канцэрты, оперныя спектаклі, арганізоўвалі навуч. ўстановы, напр. Балонская філарманічная акадэмія).

2) Публічныя канцэртныя мерапрыемствы (арганізоўваліся муз. т-вамі) і аўтарскія канцэрты кампазітараў у 18 — 1-й трэці 19 ст. 3) Вышэйшыя муз. навуч. ўстановы (Каралеўская акадэмія музыкі ў Лондане, Расійская акадэмія музыкі ў Маскве, Беларуская акадэмія музыкі), некат. оперныя т-ры (Нацыянальная акадэмія музыкі і танца ў Парыжы — Парыжская опера), а таксама навук., канцэртныя і інш. аб’яднанні муз. устаноў у 20 ст. («Санта-Чэчылія» акадэмія ў Рыме).

В.А.Антаневіч.

т. 1, с. 179

АКАДЭ́МІІ НАВУ́К ХРЫБЕ́Т,

на Зах. Паміры, у Таджыкістане. Даўж. каля 110 км. Выш. да 7495 м (пік Камунізму). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, гранітаў. Водападзельны грэбень мае альпійскі рэльеф; 24 вяршыні ўзнімаюцца вышэй за 6000 м. Укрыты вечнымі снягамі, шмат ледавікоў (агульная пл. 660 км²), у т. л. буйныя — Гарма, Федчанкі, Язгулемскі і інш.

т. 1, с. 179

АКАДЭ́МІК,

правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, АН інш. дзяржаў, а таксама некаторых галіновых акадэмій. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі. На Беларусі званне акадэміка ўведзена 26.12.1928, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Бел. АН.

т. 1, с. 179

АКАДЭМІ́ЧНАЕ ВЁСЛАВАЕ СУ́ДНА,

спартыўная вузкая падоўжаная лёгкая вёславая лодка. Мае вынесеныя за барты на кранштэйнах уключыны для вёслаў і рухомыя банкі-сядзенні. Адрозніваюць вучэбныя — тыпу клінкер (з абшыўкай канта на кант, бяспалубныя, адносна высакабортныя) і гоначныя — тыпу скіф (з абшыўкай угладзь, нізкабортныя, запалубленыя з носа і кармы); парныя (вясляр вяслуе двума вёсламі) і расхінныя (вясляр вяслуе адным вяслом). Парныя бываюць на 1, 2, 4 весляроў (адзіночкі, двойкі, чацвёркі), расхінныя — на 2, 4, 8 весляроў (двойкі, чацвёркі, васьмёркі).

т. 1, с. 179