АЙЮБІ́ДЫ, Эйюбіды,
дынастыя султанаў, якая правіла на Б. Усходзе пасля падзення Фатымідаў халіфата. Засн. ў 1171 у Егіпце военачальнікам Салах-ад-дзінам (Саладзінам). Назву атрымала ад імя яго бацькі палкаводца Айюба. Айюбіды паспяхова змагаліся з крыжакамі. Пасля смерці Салах-ад-дзіна (1193) яго нашчадкі павялі барацьбу за султанат, у які ўваходзілі Егіпет, Сірыя, Хіджаз з Меккай і Медынай, ч. Месапатаміі. Міжусобіцы ўзмацнілі ролю гвардыі мамлюкаў, у выніку змовы якіх у 1250 быў скінуты апошні з Айюбінаў.
т. 1, с. 178
А́ЙЯ,
мыс на Паўд. беразе Крыма, за 13 км на ПдУ ад Балаклавы (раён Севастопаля). З’яўляецца краем Гал. грады Крымскіх гор, які стромка абрываецца да Чорнага м. У раёне мыса рэліктавы бор хвоі Станкевіча.
т. 1, с. 178
АЙ-ПЕ́ТРЫ,
вяршыня Галоўнай грады Крымскіх гор, у масіве Ай-Петрынская Яйла Украіны. Стромка абрываецца да ўзбярэжжа Чорнага м. ў раёне Алупкі. Выш. да 1233 м. Складзена пераважна з вапнякоў. З А.-П. адкрываецца панарама б. ч. Паўд. берага Крыма.
т. 1, с. 176
АЙ-ТАДО́Р,
мыс на Паўд. беразе Крыма, на Украіне, за 8,5 км на ПдЗ ад Ялты. Замыкае з З Ялцінскую бухту. Выш. каля 90 м. Вапняковае адгор’е г. Магабі, якое падае да Чорнага м. стромкімі абрывамі. На адным з іх замак «Ластаўчына гняздо» (канец 19 ст.). Рэшткі рымскага лагера Харакс (1—3 ст. н.э.).
т. 1, с. 176
АЙ ЦЫН
(сапр. Цзян Хайчэн; н. 27.3.1910, павет Цзіньхуа правінцыі Чжэцзян, Кітай),
кітайскі паэт. Першы зб. «Да Яньхэ» (1936). У зб-ках «Поўнач» (1939), «Вестка пра золак» (1943), «Ён памёр другі раз» (1946) і паэмах «Да сонца» (1938), «Факел» (1940) стварыў трагічны, з элементамі рамантызму, мастацкі свет, у якім супрацьстаяць сілы святла і цемры, праўды і хлусні. У ходзе кампаніі па барацьбе з іншадумствам (1957) аб’яўлены «правым элементам» і 16 гадоў знаходзіўся ў ссылцы. У 1978 вярнуўся да літ. і грамадскай дзейнасці. Выдаў зб-кі «Песня вяртання» (1980, роздум над гісторыяй чалавецтва і сваёй радзімы), «Лістапад» (1982), «Зарубежныя вершы» (1983), «Кароткія вершы» (1984), аўтабіягр. нарыс «Маё творчае жыццё» (1983). Яго лірыка адметная высокай грамадзянскасцю, філас. накіраванасцю, гуманізмам; выкарыстоўваў напеўную мелодыку нар. песень, строгія памеры класічных жанраў, перавагу аддаваў беламу вершу.
Тв.:
Рус. пер. — Слово солнца: Избр. стихотворения. М., 1989.
т. 1, с. 177
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч. Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл. бас. 245 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
т. 1, с. 178
АКА́БА,
заліў Чырвонага м., паміж п-авамі Аравійскім і Сінайскім. Даўж. 180 км, шыр. да 28 км, глыб. да 1828 м. Аддзелены ад Чырвонага м. падводным парогам глыб. да 958 м. Парты Акаба (Іарданія), Эйлат (Ізраіль).
т. 1, с. 178
АКА́БА, Эль-Акаба,
горад на Пд Іарданіі. 32 тыс. ж. (1983). Порт у заліве Акаба Чырвонага м. Міжнар. аэрапорт. Вузел шашэйных дарог. Вытв-сць мінер. угнаенняў. Рамесная вытв-сць. Марскія промыслы, рыбалоўства. Марскі курорт.
т. 1, с. 178
АКАБО́РЫ Сіра
(н. 20.10.1900, г. Сідзуока),
японскі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Японскай АН. Замежны член АН СССР (1966). Праф. (1938). Скончыў ун-т Тохаку (1925). З 1935 у Осакскім ун-це, у 1958 заснавальнік і першы дырэктар, рэктар Ін-та бялку пры ун-це; з 1967 адначасова прэзідэнт Ін-та фіз. і хім. даследаванняў. Навук. працы па сінтэзе аптычна актыўных рэчываў, вылучэнні і храматаграфічным аналізе амінакіслот і пептыдаў.
т. 1, с. 178
АКАВА́НГА
(Okavango),
рака ў Афрыцы, гл. Кубанга.
т. 1, с. 178