ВО́РЛІКІ,
аквілегія (Aquilegia), род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.
т. 4, с. 274
ВО́РМСКІ КАНКАРДА́Т,
кампраміснае пагадненне паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам V і рым. папам Калікстам II, якое завяршыла барацьбу за інвестытуру. Падпісана 23.9.1122 у г. Вормс (Германія). Паводле пагаднення імператар захаваў кантроль за выбарамі і зацвярджэннем епіскапаў у Германіі, а ў Італіі і Бургундыі епіскапы павінны былі выбірацца і зацвярджацца са згоды папы. У выніку Вормскага канкардата скончылася т.зв. «епіскапальная палітыка» (апора на духавенства) герм. імператараў, пачатая Атонам І.
т. 4, с. 274
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
т. 4, с. 274
ВО́РНАЎКА,
вёска ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на Пд ад г.п. Карма, 80 км ад Гомеля, 73 км ад чыг. ст. Рагачоў, на аўтадарозе Карма — Чачэрск. 485 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі ва ўрочышчы Грэнск гарадзішча ранняга жал. веку.
т. 4, с. 274
ВО́РНЫЯ ЗЕ́МЛІ,
сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія сістэматычна апрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца пад пасевы с.-г. культур. Да іх належаць палі севазваротаў (у т. л. папар), агароды, іншыя асвоеныя і падрыхтаваныя для пасеваў землі. Ворныя землі падзяляюць па відах землекарыстальнікаў і катэгорыях зямель, на асушальныя і арашальныя, у залежнасці ад прыродных уласцівасцей глебы. Якасную ацэнку ў вытв. умовах вызначаюць баламі банітэту. Пашыраюць плошчы ворных зямель за кошт асваення цалінных зямель, участкаў малакаштоўнага лесу, хмызняку, асушэння, арашэння, рэкультывацыі зямель і інш.
На Беларусі плошча ворных зямель складае 6,1 млн. га (каля 63% пл. с.-г. угоддзяў; 1995); з улікам колькасці насельніцтва на кожнага жыхара прыпадае каля 0,6 га ворных зямель (на Украіне — 0,65 га, у Літве — 0,61, Польшчы — 0,37, Германіі — 0,15, ЗША — 0,72 га). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (51,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,5%) глебы. Ворныя землі звязанага грануламетрычнага складу пераважаюць у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях, лёгкія глебы найб. пашыраны ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Завалуненасць у сярэднім 26,4%. Банітэт 35—38 балаў. Павышэнне ўрадлівасці ворных зямель адбываецца за кошт аптымізацыі аграхім. мерапрыемстваў, рэгулявання водна-паветр. рэжыму, выдалення камянёў і інш. Ва ўмовах рэспублікі павелічэнне ворных зямель, плошча якіх скарачаецца ў выніку адводу зямель пад аб’екты буд-ва, торфараспрацоўкі і інш., магчыма за кошт гідрамеліярацыі інш. с.-г. угоддзяў.
Л.В.Круглоў.
т. 4, с. 274
ВО́РСАВАЯ ТКАНІ́НА,
тканіна з ворсам з аднаго боку. Ворс утвараюць густа размешчаныя вертыкальныя канцы паразразаных дадатковых нітак ворсавай асновы (асноваворсавыя тканіны) ці ворсавага ўтку (уточнаворсавыя тканіны). Ворсавая тканіна з асн. ворсам — плюш, аксаміт, штучнае футра, дываны, уточнаворсавыя — паўаксаміт, пліс, вельвет.
т. 4, с. 275
ВО́РСКЛА,
рака ў Белгародскай вобл. Расіі, Сумскай і Палтаўскай абл. Украіны, левы прыток Дняпра (упадае ў Днепрадзяржынскае вадасх.). Даўж. 464 км, пл. бас. 14 700 км². Каля Ворсклы ў 1399 адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Залатой Арды. Гл. Бітва на Ворскле 1399.
т. 4, с. 275
ВО́РЦАЛЬ (Worcell) Станіслаў Габрыэль
(26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц. сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
т. 4, с. 275
ВО́РЫВА,
асноўны прыём мех. апрацоўкі глебы адвальнымі плугамі. Падтрымлівае рыхласць ворнага слоя, садзейнічае рэгуляванню паветранага, воднага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы, знішчэнню шкоднікаў культурных раслін, узбуджальнікаў хвароб і пустазелля. Пры ворыве адбываецца падразанне пласта, яго пераварочванне, крышэнне, рыхленне, перамешванне, зараўноўванне, паскарэнне мінералізацыі раслінных рэшткаў, арган. і мінер. угнаенняў, меліярантаў.
Ворыва робяць плугамі рознага тыпу суцэльным (гладкім) або загонным спосабам. Від і глыбіня ворыва залежаць ад глебава-кліматычных умоў, тыпу глебы і яе грануламетрычнага складу, магутнасці перагнойнага гарызонта, эрадзіраванасці глебы, біял. асаблівасцей с.-г. культур, апрацоўкі глебы для папярэдніка, фітасанітарнага стану і інш. Рэкамендуюцца таксама безадвальная апрацоўка глебы і глыбокае падворыўнае рыхленне — спосабы, якія садзейнічаюць прыродаахоўным і энергазберагальным тэхналогіям. Адрозніваюць віды ворыва: культурнае — плугам з перадплужнікам або камбінаванымі адваламі; адваротам пласта — абгортванне на 180°; плантажнае — на глыб. больш за 40 см; яруснае (паслойнае) — па гарызонтах (слаях) на глыб. 0—15, 15—30 см і болей з вынясеннем або без вынясення ніжніх падворыўных слаёў. Ва ўмовах Беларусі час ворыва ў сістэме зяблевай апрацоўкі — восень.
Л.В.Круглоў.
т. 4, с. 275
ВО́САВА, Осава,
вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на З ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Такары. 701 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 4, с. 275