Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОДАПРАВО́ДНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць магістральных і размеркавальных трубаправодаў, па якіх падаецца вада да месца спажывання; частка сістэмы водазабеспячэння.

Асноўная (знадворная, або вулічная) водаправодная сетка пракладваецца ў зямлі (на 0,2—0,5 м ніжэй глыбіні прамярзання) уздоўж вуліц і праездаў, выкарыстоўваюцца чыгунныя, стальныя, жалезабетонныя, пластмасавыя і інш. трубы. Да яе з дапамогай т.зв. дамавых адгалінаванняў далучаецца ўнутр. (унутрыдамавая) водаправодная сетка, якая падае ваду да водаразборных кранаў. Водаправодныя сеткі абсталёўваюць запорнай арматурай (вентылямі, засаўкамі, што адключаюць аварыйныя ўчасткі сеткі), водаразборнымі прыстасаваннямі (пажарнымі гідрантамі, часам водаправоднымі калонкамі). Запорную арматуру і гідранты звычайна ўстанаўліваюць у спец. калодзежах (зборных жалезабетонных або цагляных), з метал. здымнымі люкамі.

т. 4, с. 249

ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.

2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.

А.В.Кудзельскі.

т. 4, с. 249

ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,

планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.

А.А.Макарэвіч.

т. 4, с. 249

ВО́ДАРАСЦІ

(Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.М.Міхеева.

т. 4, с. 249

ВОДАСПАЖЫВА́ННЕ,

1) расходаванне вады на патрэбы насельніцтва, прам-сці і інш. водакарыстальнікаў. Вада на водаспажыванне адбіраецца з воднага аб’екта беззваротна або вяртаецца, змененая якасна. Адрозніваюць водаспажыванне гасп.-пітное і камунальнае (для быт. мэт) і тэхн. або вытв. (для тэхнал. мэт прам-сці, энергетыкі, транспарту). Аб’ём водаспажывання залежыць ад нормы водаспажывання — удзельнага расходу вады за суткі 1 жыхаром або ўмоўнай адзінкай для дадзенай вытв-сці. У меліярацыі водаспажыванне — расходаванне вады на арашэнне, абвадненне пашы, водазабеспячэнне сельскіх нас. пунктаў, с.-г. комплексаў, на проціпажарныя і прыродаахоўныя мерапрыемствы, рыбныя гаспадаркі і інш. 2) Колькасць вады, неабходная для с.-г. культур ці севазвароту за пэўны час, каб забяспечыць нармальнае развіццё раслін. Велічыня водаспажывання адпавядае сумарнаму расходаванню вады на транспірацыю раслінамі і фіз. выпарэнне з паверхні глебы. У такім выпадку водаспажыванне разлічваецца таксама і для дзікарослых раслін.

А.А.Макарэвіч.

т. 4, с. 250

ВОДАТРЫВА́ЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

воданепранікальныя пароды, горныя пароды, якія практычна не прапускаюць ваду (гл. ў арт. Водапранікальнасць).

т. 4, с. 250

ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,

тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.

т. 4, с. 250

ВОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ матэрыялаў, здольнасць матэрыялаў захоўваць свае фізіка-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні вады. Вызначаецца адносінамі велічынь трываласці пры расцяжэнні (сцісканні) матэрыялу, насычанага вадой і ў сухім стане (каэф. разумацавання). Да водаўстойлівых адносяць матэрыялы з каэф. разумацавання, большым за 0,8 (напр., многія металы, спечаную кераміку, шкло, фтарапласты, поліалефіны). Водаўстойлівасць — важны паказчык для матэрыялаў, якія ўвесь час эксплуатуюцца ў вадзе (апоры мастоў, плаціны, абліцоўка рэактараў і інш.).

т. 4, с. 250

ВОДЗЬ

(саманазва вадзьялайн),

прыбалтыйска-фінскі народ, які жыў на Пд ад Фінскага заліва. Як самаст. этнас водзь сфарміравалася ў 1-м тыс. н.э. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з II ст. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. на тэр. рассялення водзі пранікаюць славяне. Не пазней як у 12 ст. водзь увайшла ў склад Наўгародскай зямлі і дала назву адной з яе адм. адзінак — Водскай пяціне. У гэты час водзь прыняла праваслаўе. Мова водзі блізкая да паўн.-ўсх. гаворак эстонскай мовы, бяспісьменная. Працэс славянізацыі водзі ў асн. закончыўся ў 19 ст. Асобныя паселішчы водзі захаваліся на паўд. узбярэжжы Фінскага заліва.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 250

ВО́ДЗЬГА,

рака ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток Свольны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 60 км². Пачынаецца за 200 м на ПдЗ ад в. Маскалёнкі, цячэ па паўн.-зах. частцы Полацкай нізіны. Каля 6 км рэчышча ў верхнім цячэнні каналізавана.

т. 4, с. 250