Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг,

звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.

Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.

т. 4, с. 245

ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,

частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.

т. 4, с. 245

ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ, бяссцёкавая вобласць,

частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.

т. 4, с. 245

ВО́БЛАЧНАСЦЬ,

1) сукупнасць воблакаў над пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.

2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.

т. 4, с. 246

ВО́БЛЫ (Канстанцін Рыгоравіч) (27.5.1876, г.п. Царычанка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.9.1947),

украінскі эканаміст, статыстык. Д-р паліт. эканоміі і статыстыкі (1911). Акад. АН УССР (1919). Віцэ-прэзідэнт АН УССР (1928—30). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1900), Варшаўскі ун-т (1904). Вёў пед. работу ў Кіеўскім ун-це і Кіеўскім камерцыйным ін-це. У 1943—47 дырэктар Ін-та эканомікі АН УССР. Даследаванні па праблемах эканам.-геагр. развіцця прам-сці Польшчы і Украіны, міграцыі насельніцтва, унутр. і знешняга гандлю, эканомікі страхавання і інш. Аўтар падручнікаў па статыстыцы і эканам. геаграфіі.

т. 4, с. 246

ВО́БЫСК,

следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.

т. 4, с. 246

ВО́ГЗІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 28 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,67 км², даўж. 1,78 км, шыр. 690 м, найб. глыб. 9,3 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м, на Пн і З нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Берагі на Пн і З сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, глыбей за 2,5 м дно выслана сапрапелямі. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. каля 60 м, на зах. плёсе расце ахоўны від флоры ў Беларусі — наяда марская. Упадае ручай з воз. Какісіна, выцякае ручай Праскавея ў р. Дзіва.

т. 4, с. 246

ВОГНЕНЕБЯСПЕ́ЧНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія лёгка загараюцца пры кароткатэрміновым уздзеянні крыніцы запальвання з нізкай энергіяй (напр., полымя запалкі, іскра). Да вогненебяспечных рэчываў адносяць выбуховыя рэчывы, цэлулоід, сухую драўняную стружку, усе лёгкія на загаранне вадкасці, полістырол, каўчукі і інш. палімеры (гл. таксама Самаўзгаранне).

т. 4, с. 246

ВО́ГНЕННАЯ ЗЯМЛЯ́ (ісп. Tierra del Fuego),

архіпелаг каля паўд. ускраіны Паўд. Амерыкі (на Вогненнай Зямлі мыс Горн). Зах. частка належыць Чылі, усходняя — Аргенціне. Аддзелены ад мацерыка Магеланавым пралівам. Пл. 72 тыс. км² (гал. востраў — Вогненная Зямля, ці Ісла-грандэ, 48 тыс. км²). На З і Пд горы (выш. каля 2469 м), ледавікі, фіёрды, лясы; на Пн і У узгорыстыя раўніны са стэпам і лугамі, тарфяныя балоты. Нац. паркі — Альберта-Агасціні, Мыс Горн (Чылі), Цьера-дэль-Фуэга (Аргенціна). Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Гал. гарады: Ушуая (Аргенціна) і Парвенір (Чылі). Вогненная Зямля адкрыта партуг. мараплаўцам Ф.Магеланам у 1520.

т. 4, с. 246

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246