Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАТРО́ІЦК,

горад (з 1945) у Арэнбургскай вобл. Расіі, на р. Урал. 110,5 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Буйны цэнтр чорнай металургіі Паўд. Урала. Прам-сць: хім. (з-д хромавых злучэнняў), харч., вытв-сць буд. матэрыялаў; металургічны камбінат. Музей.

т. 11, с. 103

НАВАХА́ЦКАЯ (Лідзія Сцяпанаўна) (1893—?),

бел. актрыса. Працавала ў «Бел. савецкім т-ры» (1918), Першым т-ве бел. драмы і камедыі (1919). З 1920 у БДТ (дакладна вядома пра яе ўдзел у спектаклях да 1930). Выконвала гераічныя і характарныя ролі. Сярод роляў: Паўлінка (аднайм. п’еса Я.Купалы), Марыся («Ганка» У.Галубка), пані Зубкоўская («Панскі гайдук» Н.Бываеўскага), Кавецкая («Над Нёманам» М.Грамыкі), Параска («На Купалле» М.Чарота), Малання, Домна, Наста («Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны» Е.Міровіча), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ляксандра («Мост» Я.Рамановіча) і інш.

т. 11, с. 103

НАВА́ХІ, наваха,

племя паўн.-амер. індзейцаў. Разам з племем апачы складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым лясныя паляўнічыя. У 14 — канцы 15 ст. мігрыравалі на Пн сучаснага штата Нью-Мексіка, займаліся земляробствам, з 18 ст. — жывёлагадоўляй. Супраціўляліся еўрап. каланізацыі. Пасля задушэння іх узбр. выступленняў у 1846—67 каля 9 тыс. Н. прымусова пераселена ў рэзервацыю Баск-Рэдан. У 1868 на мяжы штатаў Арызона і Нью-Мексіка створана рэзервацыя (сучасная тэрыторыя 60 тыс. км5). Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта (219,2 тыс. чал., 1998). Мова — наваха (гавораць на ёй 62%), выцясняецца англійскай. Большасць Н. хрысціяне розных кірункаў.

т. 11, с. 103

НАВАХРО́СТ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.9.1951, в. Навахросты Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Я.Глебава). Працуе пераважна ў галіне інстр. музыкі. Лірыка-філас. вобразнасцю адметныя кантаты «Званы» на словы Р.Барадуліна (1983), «Усход сонца» на вершы Я.Коласа (1986), араторыя «210 крокаў» на словы Р.Раждзественскага (1987), сімфонія паводле паэмы «Сцяна» Б.Марцінкявічуса (1984). У кампазіцыйнай тэхніцы арыентуецца на гукавую каларыстычнасць, у т.л. звязаную з бел. нар. музыкай. З інш. твораў: Adagio для голасу, аргана і аркестра (1991), сімф. карціна «Чучала Марэна» (1982), канцэрт для стр. аркестра (1988), канцэрціна (1985, 1995), «Музыка для габоя, фартэпіяна і струнных» (1986), сюіта для флейты і аргана (1988), квінтэт для духавых інструментаў (1983), музыка для аркестра нар. інструментаў, п’есы для фп., хары, рамансы, апрацоўкі нар. песень.

Т.А.Дубкова.

т. 11, с. 103

НАВА́ЦЫЯ (ад лац. novatio абнаўленне, змяненне),

1) у цывільным праве адзін са спосабаў спынення абавязацельстваў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абавязацельства спыняецца пагадненнем бакоў, у прыватнасці дамоўленасцю пра замену аднаго абавязацельства другім паміж тымі ж асобамі.

2) Нешта новае, навіна, новаўвядзенне.

т. 11, с. 103

НАВАША́ХЦІНСК,

горад у Растоўскай вобл. Расіі. Размешчаны на ПдУ Данецкага кража, каля чыг. ст. Міхайла-Лявонцьеўская. Засн. ў 1939. 105,7 тыс. ж. (1996). Прамысл, цэнтр усх. ч. Данбаса. Здабыча каменнага вугалю. Прам-сць: металаапр., лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 11, с. 103

НАВА́ШЫН (Сяргей Гаўрылавіч) (14.12.1857, с. Цароўшчына Балтайскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 10.11.1930),

расійскі батанік і цытолаг; заснавальнік карыялогіі і рас. школы цытолагаў і эмбрыёлагаў раслін. Акад. АН СССР (з 1918), акад. АН Украіны (1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1881). Працаваў у ім. З 1884 у Пецярбургскай Пятроўскай с.-г. акадэміі, з 1889 у Пецярбургскім ун-це. У 1894—1915 праф. Кіеўскага, у 1918—23 — Тбіліскага ун-таў. Заснавальнік і дырэктар (да 1929) Біял. ін-та імя К.А.Ціміразева ў Маскве. Навук. працы па эмбрыялогіі і цыталогіі раслін. Адкрыў двайное апладненне і халазагамію ў пакрытанасенных раслін.

Тв.:

О некаторых признаках внутренней организации хромосом // Сб. статей, посвящ. К.А.Тимирязеву. М., 1916;

Избр. Труды. Т. 1. М.; Л., 1951.

С.Г.Навашын.

т. 11, с. 103

НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,

гл. Новая і навейшая гісторыя.

т. 11, с. 103

НАВЕ́ЛА (італьян, novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.Чосер, Маргарыта Наварская, М.Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, П.Мерымэ, Э.По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.Генры, Л.Пірандэла, С.Цвэйг, Р.Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.Чэхавым, Л.Андрэевым, І.Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.Бабель, У.Іванаў, А.Грын, М.Зошчанка, В.Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.Л.Борхеса, Х.Картасара, Г.Бёля, Ф.О’Конара, І.Зінгера, Дж.Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.Зарэцкага, «Кнак» П.Галавача, «Над Кроманню» Я.Нёманскага, «Ілька» В.Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.Брыль («Галя»), Я.Скрыгай («Наталя»), В.Выкаў («Адна ноч»), Б.Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.Кудравец («Елачка»), А.Жук («Жонка героя»), В.Гігевіч («Райка»), У.Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.Марчук («Хаос») і інш.

С.Л.Андраюк.

т. 11, с. 103

НАВЕЛІСТЫ́ЧНЫЯ КА́ЗКІ, авантурна-навелістычныя казкі,

жанравая разнавіднасць казачнага эпасу. Спосабам маст. асэнсавання рэчаіснасці яны набліжаюцца да сацыяльна-бытавых казак, аднак адрозніваюцца прыгодніцкім зместам і тэматыкай (сац. канфлікт для іх не галоўны, хоць сімпатыі казачнікаў заўсёды на баку прац. чалавека). Героі Н.к. — сялянскі або купецкі сын, прыказчык, салдат, дзяўчына-ваяка, верная жонка — дасягаюць мэты не з дапамогаю чарадзейнай сілы, а дзякуючы розуму, кемлівасці і вынаходлівасці. Фантастыка тут у гіпербалізацыі магчымасцей чалавека, якому даводзіцца «змагацца» з цяжкімі абставінамі, а не з фантастычнымі істотамі (як у чарадзейных казках). Тыповыя сюжэты Н.к. — жаніцьба героя з прыгажуняй і выхад дзяўчыны замуж, вернасць і нявернасць, прадвызначанасць лёсу; вял. групу складаюць казкі пра разбойнікаў і ліхадзеяў. У бел. фальклоры найб. пашыраны сюжэты пра кемлівую дзяўчыну, пра разбойнікаў.

Літ.:

Померанцева Э.В. Русская народная сказка. М., 1963. С. 87—93;

Дунаевська Л.Ф. До питання про тематичну і сюжетну структуру новелістичної казки // Вісн. Київського ун-ту. Укр. філологія. Київ, 1980. Внп. 22;

Яе ж. Про ідейно-художню структуру української народної новелістичної казки // Українське літературознавство. Львів, 1982. Вип. 39.

Л.П.Барабанава.

т. 11, с. 103