НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. і п. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. і п., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. і п. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. і п. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.
В.І.Боўш.
т. 11, с. 288
НЕПЕРАРЫ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, якая набывае бясконца малыя прырашчэнні пры бясконца малых зменах аргумента. Маюць важныя ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Дыферэнцавальная функцыя заўсёды неперарыўная (існуюць недыферэнцавальныя Н.ф.); інтэграл ад Н.ф. на адрэзку заўсёды існуе; для ўсякай функцыі, неперарыўнай на адрэзку, можна знайсці мнагасклад, значэнні якога адрозніваюцца на гэтым адрэзку ад значэнняў функцыі менш, чым на адвольна малы папярэдне зададзены лік (тэарэма Веерштраса). На такіх мнагаскладах грунтуецца набліжэнне функцый (гл. Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый). Сума, рознасць і здабытак Н.ф. даюць у выніку таксама Н.ф. Дзель дзвюх такіх функцый будзе таксама Н.ф., акрамя пунктаў, дзе назоўнік дробу роўны нулю. Паняццю Н.ф. проціпастаўляецца паняцце разрыўнай функцыі. Адна і тая ж функцыя можа быць неперарыўнай пры адных значэннях аргумента і разрыўнай пры другіх. Напр., дробавая частка ліку x разрыўная пры цэлых значэннях аргумента і неперарыўная пры астатніх.
т. 11, с. 288
НЕПЕРАРЫ́ЎНЫ ДРОБ, ланцуговы дроб,
адзін з асн. спосабаў прадстаўлення лікаў і функцый. Выкарыстоўваецца ў тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, тэорыі імавернасцей.
Н.д., які адлюстроўвае лік a, можна атрымаць, калі запісаць гэты лік у выглядзе a = a0 + 1/a1, дзе a0 — цэлы лік і 0 < 1/a1< 1, потым у такім жа выглядзе запісаць a1 і г.д. Гэты працэс прыводзіць да канечнага дробу, калі a — рацыянальны лік, і да бясконцага ў выпадку ірацыянальнага ліку.
т. 11, с. 288
НЕ́ПЕРАЎ ЛІК, лік e,
ліміт, да якога імкнецца выраз (1 + 1/n)n пры неабмежаваным узрастанні n; аснова натуральных лагарыфмаў. Н.л. e = lim(1 + 1/n)n = 2,718281828459045... з’яўляецца трансцэндэнтным лікам, што даказана франц. матэматыкам Ш.Эрмітам (1873). Сувязь назвы Н.л. з імем Дж.Непера малаабгрунтаваная.
т. 11, с. 289
НЕПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
страта фірмай або дзяржавай здольнасці своечасова і поўнасцю выконваць свае фін. абавязацельствы, абумоўленая іх валютна-фін. становішчам, адсутнасцю свабодных сродкаў, дэфіцытнасцю бюджэту і плацежнага балансу. Гл. таксама Банкруцтва.
т. 11, с. 289
НЕПРАДУКЦЫ́ЙНАЯ ПРА́ЦА,
грамадска карысная праца, пераважна ў невытворчай сферы, не звязаная з вытворчасцю матэрыяльных даброт.
т. 11, с. 289
НЕПРАДУКЦЬІЙНЫЯ ЗАТРА́ТЫ,
залішнія затраты, выкліканыя безгаспадарчасцю, недастаткова зладжанай працай, недахопамі кіравання вытв-сцю. Да іх адносяцца: штрафы (у т. л. за парушэнне ўмоў перавозак), пені, няўстойка за несвоечасовую аплату рахункаў пастаўшчыкоў, нястачы і страты ад псавання мат. каштоўнасцей і інш. Н.з. не плануюцца і іх сума з’яўляецца перарасходам супраць планавага сабекошту. Ліквідацыя Н.з. — важны фактар зніжэння сабекошту.
т. 11, с. 289
НЕПРАХО́ДНАСЦЬ КІШЭ́ЧНІКА,
парушэнне нармальнага праходжання змесціва па кішэчніку ў выніку мех. перашкоды ці функцыянальнага парушэння маторыкі кішак. Бывае мех., дынамічная, вострая і хранічная. Мех. падзяляюць на странгуляцыйную (ад завароту кішак, утварэння вузлоў), абтурацыйную (ад глістоў, жоўцевых камянёў, пухлін, спаечных хвароб) і змешаную (пры спаечнай непраходнасці і інвагінацыі). Дынамічная (паралітычная і спастычная) узнікае ад расстройства інервацыі кішэчніка пры перытаніце, нырачных коліках і інш. Прыкметы: раптоўны схваткападобны боль жывата, уздуцце кішэчніка, затрымка стулу і газаў, ірвота. Лячэнне кансерватыўнае і хірургічнае.
т. 11, с. 289
НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
часовая або ўстойлівая страта прафес. працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж. пенсія.
Э.А.Вальчук.
т. 11, с. 289