АЗІЯ́ЦКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Сібірскі антыцыклон,
вобласць высокага атм. ціску ў Сібіры, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Праяўляецца пераважна зімой (у студз. ціск да 1070 мб). Азіяцкі антыцыклон — вынік моцнага ахаладжэння мацерыка, з чым звязана працяглая халодная (месцамі ніжэй за -50 °C) маласнежная зіма ва ўнутрымацерыковых раёнах. На надвор’е Беларусі ўплывае зах. адгалінаванне азіяцкага антыцыклону: устанаўліваецца малавоблачнае сонечнае надвор’е з т-рамі паветра ўдзень каля -10...-20 °C у зімовыя месяцы, вясной і восенню ноччу магчымыя замаразкі.
т. 1, с. 169
АЗІЯ́ЦКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́
(Asian Development Bank; АзБР),
рэгіянальны міжнар. банк для фінансавання праграм развіцця. Створаны ў 1966. Члены больш як 40 краін Азіі, Еўропы, Акіяніі, у т. л. 14 развітых краін, якія не ўваходзяць у гэты рэгіён (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Канада і інш.). Штаб-кватэра ў Маніле (Філіпіны). Афіц. мэты: спрыяць развіццю эканомікі і знешняга гандлю краін Азіі, што сталі на шлях незалежнага развіцця; стымуляваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, аказваць тэхн. дапамогу і дапамогу ў каардынацыі іх эканам. палітыкі. Вышэйшы орган — савет кіраўнікоў.
т. 1, с. 169
АЗІЯ́ЦКІ КЛІ́РЫНГАВЫ САЮ́З,
пагадненне аб урэгуляванні дысбалансаў у міжнар. разліках паміж Бангладэш, Бірмай, Індыяй, Іранам, Непалам, Пакістанам і Шры-Ланкай. За адзінку разлікаў прынята азіяцкая грашовая адзінка, роўная па кошце адзінцы спец. правоў запазычання (СДР) у міжнародным валютным фондзе.
т. 1, с. 169
АЗМІ́ЦЕЛЬ Фёдар Фёдаравіч
(13.8.1918, с. Лінавіцк Мартукскага р-на Акцюбінскай вобл., Казахстан — 15.6.1944),
удзельнік партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Камандзір партыз. атрада асобага прызначэння (дзейнічаў у трохвугольніку Орша—Віцебск—Смаленск), партыз. Атрада «Гром». У чэрв. 1944 у час варожай блакады партыз. брыгад каля воз. Палік камандаваў штурмавой групай па прарыве акружэння. Цяжка паранены, падарваў сябе гранатай.
т. 1, с. 170
АЗНАБІ́ШЫН Дзмітрый Пятровіч
(1804, с. Троіцкае, Карсунскі р-н Ульянаўскай вобл. — 14.8.1877),
рус. паэт. Скончыў Маскоўскі універсітэцкі пансіён (1824). У 1827 заснаваў (з С.Я.Раічам) альманах «Северная лира». Першыя арыгінальныя і перакладныя вершы і аповесці друкаваў у альманахах і час. «Вестник Европы», «Северные цветы», «Отечественные записки». Любоўную і пейзажную лірыку ствараў пад уплывам паэзіі Усходу: зб-кі «Селам, або Мова кветак» і «Гінекіён» (1830), «Сізіф і смерць» (1871). Перакладаў на рус. мову творы Хафіза, Нізамі, Саадзі, зах.-еўрап. паэтаў. Склаў першы персідска-рускі слоўнік, зб. матэрыялаў (у 2 тамах) па сялянскай рэформе 1861. Збіраў фальклор народаў Паволжа.
т. 1, с. 170
АЗНАВУ́Р (Aznavour) Шарль
(сапр. Азнавуран Варэнаг; н. 22.5.1924, Парыж),
французскі шансанье, кампазітар, кінаакцёр. З сям’і арм. эмігрантаў. Аўтар песень (з 1960-х г. іх аркеструе П.Марыа), аперэт, музыкі да кінафільмаў. Здымаўся ў кінафільмах «Д’ябал і дзесяць запаведзяў», «Страляйце ў піяніста» і інш. Аўтар кн. «Азнавур вачамі Азнавура» (1970). Яго творчасці прысвечаны франц. дакумент. фільм «Спявае Шарль Азнавур».
т. 1, с. 170
АЗНАУ́РЫ,
грузінскія дваране. Вядомыя з 5 ст. Былі патомныя і служылыя, падзяляліся на царскіх, княжацкіх і царкоўных. Валодалі зямлёй, неслі абавязковую вайсковую павіннасць. З далучэннем Грузіі да Рас. імперыі (пач. 19 ст.) атрымалі правы рас. дваран.
т. 1, с. 170
АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,
даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 170
АЗО́ВА-СІВА́ШСКАЯ ЗАПАВЕ́ДНА-ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА,
на Пд Украіны, у Херсонскай вобл. Засн. ў 1957 на базе Азова-Сівашскага запаведніка (1927). Пл. 57,4 тыс. га. Складаецца з 2 ізаляваных участкаў: запаведна-паляўнічай гаспадаркі на касе Біручы Востраў у Азоўскім м. і запаведнай тэр. ў цэнтр. ч. Сівашскага заліва. Створана ў мэтах аховы прыродных комплексаў пясчанага і саланчаковага стэпаў і водна-балотных угоддзяў, а таксама для акліматызацыі і размнажэння еўрап. высакароднага аленя, лані, еўрап. муфлона і фазана. Нізінныя ч. касы і прылеглая акваторыя Утлюцкага лімана — улюбёныя мясціны качак, чапляў, кулікоў.
т. 1, с. 170
АЗО́ЛЫ,
пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).
т. 1, с. 170