Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕ́СТЭРН

(ад англ. western заходні),

жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.

т. 4, с. 120

ВЕСТЭРО́С

(Västeras),

горад у сярэдняй ч. Швецыі. Адм. ц. лена Вестманланд. 121,7 тыс. ж. (1993). Порт на воз. Меларэн. Буйны прамысл. цэнтр: электратэхн. прам-сць, вытв-сць рэактараў для АЭС, каляровая металургія. Музеі. Сабор (13, 15 ст.), замак (14, 16 ст., перабудаваны), сярэдневяковыя дамы.

т. 4, с. 120

ВЕСТЭРПЛЯ́ТЭ

(Westerplatte),

паўвостраў у Гданьскай бухце на тэр. г. Гданьск (Польшча). 1.9.1939 з бамбардзіроўкі Вестэрплятэ ням. браняносцам «Шлезвіг-Гольштэйн» пачалася 2-я сусв. вайна. 1—7 вер. польск. гарнізон (182 чал., сярод якіх былі беларусы і ўраджэнцы Зах. Беларусі, у т. л. Я.Брыль) трымаў тут гераічную абарону, стрымліваючы намнога большыя сілы ням.-фаш. войскаў і флоту. Каля ўваходу ў порт помнік абаронцам Вестэрплятэ (1966).

т. 4, с. 120

ВЕ́СТЭРФЕЛЬД (Westerfeldt) Абрахам ван

(? — 24 ці 30.4.1692),

галандскі жывапісец, рысавальшчык і каліграф. У канцы 1640 — пач. 1650-х г. працаваў на Беларусі як прыдворны мастак кн. Радзівілаў у Нясвіжы. Стварыў серыю карцін і малюнкаў на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла: «Уступленне князя Я.Радзівіла ў Кіеў», «Паланенне М.Крычэўскага пад Лоевам» (1649, паводле карціны на Карэліцкай мануфактуры каля 1760 створаны габелен), «Разгром казакамі літоўскай флатыліі на Дняпры» (1651) і інш. Аўтар партрэтаў Крычэўскага, Б.Хмяльніцкага, замалёвак помнікаў архітэктуры Кіева.

т. 4, с. 120

ВЕСТ-І́НДСКАЕ МО́РА,

агульная назва Карыбскага мора і Мексіканскага заліва.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Галандская

(галанд. West Indische Compagnie),

гандлёвая кампанія ў 1621—1791. Мела манапольнае права на гандаль і каланізацыю ў Амерыцы і Зах. Афрыцы (атрымала ад Генеральных штатаў). Служыла прыкрыццём для вядзення ваен.-пірацкіх і кантрабандных аперацый на акіянскіх камунікацыях, а таксама гандлю рабамі. Захапіла значную ч. Бразіліі, усх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, дзе быў заснаваны Новы Амстэрдам (пазней Нью-Йорк), шэраг астравоў Вест-Індыі. Пазней яе выцеснілі з Бразіліі партугальцы, з Паўн, Амерыкі — англічане.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Французская

(франц. Compagnie des Indes orientales),

гандлёвая кампанія ў 1664—74. Створана па ініцыятыве фінансіста Ж.Б.Кальбера з мэтай падтрымкі франц. гандлю і каланізацыі Паўн. Амерыкі і Зах. Афрыкі. Садзейнічала засяленню Канады. Не вытрымала канкурэнцыі з англічанамі і галандцамі.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДЫЯ

(West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб.в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-ФІЁРД

(Vest Fjord),

праліў паміж берагамі Скандынаўскага п-ва і Лафотэнскімі а-вамі. Даўж. 203 км., шыр. ад 11 км на Пн да 71 км на Пд. Лоўля траскі і селядцоў.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 119