Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.Бядуля, У.Ігнатоўскі, Я.Карскі, Я.Колас, У.Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК РО́ДИНЫ»,

перыядычны лісток Мінскага падп. гаркома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў студз.лют. 1942 у Мінску на рус. мове. З мэтай канспірацыі выходзіў ад імя паліт. ўпраўлення Зах. фронту. Захаваліся 3 нумары: ад 18, 25 студз. і 1 лютага.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК Ю́ГО-ЗА́ПАДНОЙ И ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,

назва час. «Вестник Западной России» ў 1862—64.

т. 4, с. 119

ВЕ́СТРЫС (Vestris) Агюст

(сапр. імя Мары Жан Агюстэн; 27.3.1760, Парыж — 5.12.1842),

французскі артыст балета, педагог. Сын і вучань танцоўшчыка і балетмайстра Г.Вестрыса і балерыны М.Алар. У 1772—1816 (з перапынкамі) у Каралеўскай акадэміі музыкі і танца ў Парыжы (з 1778 першы танцоўшчык). Выконваў розныя партыі ў балетах, пастаралях, балетных нумарах у операх, пастаўленых Ж.Ж.Наверам, П. і М.Гардэлямі, Г.Вестрысам і інш. Атрымаў у спадчыну ад бацькі тытул «бога танца». Сярод вучняў Вестрыса: Ш.Дзідло, Ж.Перо, А.Бурнанвіль; у яго займаліся М.Тальёні, К.Грызі, Ф.Эльслер.

т. 4, с. 119

ВЕСТФА́ЛІЯ

(Westfalen),

гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам І Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.

т. 4, с. 119

ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.

Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.

Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).

Літ.:

Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.

т. 4, с. 119

ВЕСТЫБУЛЯ́РНЫ АПАРА́Т

(ад лац. vestibulum пераддзвер’е),

орган пачуцця, які ўспрымае становішча і рух галавы і цела ў прасторы, перыферычны аддзел аналізатара раўнавагі. У ніжэйшых жывёл мае форму пузырка (статацыста), у пазваночных жывёл і чалавека — частка ўнутр. вуха (лабірынт), якая складаецца з пераддзвер’я і трох паўкружных праток (гл. Вуха).

Рэцэптары вестыбулярнага апарата знаходзяцца ў двух мяшочках пераддзвер’я і ў ампулах паўкружных праток перапончатага лабірынта ўнутр. вуха. Поласць мяшочкаў і паўкружных праток запоўнена тканкавай вадкасцю — эндалімфаю. Вярчальныя рухі галавы і цела выклікаюць рух эндалімфы паўкружных праток, гэта раздражняе ампулярныя рэцэптары. Раздражненне ўспрымаецца дэндрытамі адчувальных нейронаў вестыбулярных гангліяў і па іх аксонах перадаецца ў вестыбулярныя ядры прадаўгаватага мозга, якія звязаны праводзячымі шляхамі са спінным мозгам, цэнтрамі вегетатыўнай нервовай сістэмы, ядрамі вокарухальных нерваў, карой галаўнога мозга. Вестыбулярны апарат мае выключнае значэнне для захавання раўнавагі цела пры руху і ў стане спакою. Даследаванні вестыбулярнага апарата выкарыстоўваюцца ў адборы для работы на вышыні, на марскую і лётную службу. Высокая ўстойлівасць вестыбулярнага апарата дасягаецца трэніроўкай. Ад непасрэдных або рэфлекторных пашкоджанняў функцыі вестыбулярнага апарата ўзнікаюць вестыбулярныя парушэнні. Прыкметы: галавакружэнне, парушэнне раўнавагі, рытму дыхання, дзейнасці сэрца, моташнасць.

А.С.Леанцюк.

т. 4, с. 119

«ВЕСТЫНХА́ЎЗ ЭЛЕ́КТРЫК КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(Westinghouse Electric Corporation),

адна з вядучых электратэхнічных карпарацый ЗША. Засн. ў 1886 у штаце Пенсільванія як кампанія, з 1945 карпарацыя. Вытв. дзейнасць уключае 4 асн. сферы: энергетыку, вытв-сць прамысл. прадукцыі, выкананне дзярж., у т. л. ваенных, заказаў, тэлебачанне і радыёвяшчанне. Спецыялізуецца па выпуску прамысл. электраабсталявання, кандыцыянераў паветра, эскалатараў, пад’ёмнікаў, выліч. устройстваў, асвятляльнай арматуры, абсталявання транспартнага, касмічнага, для падводнага пошуку, сістэм сувязі і кіравання, вымяральных прылад, рухавікоў для марскіх суднаў, энергет. установак на ядз. паліве, вадзяных і газавых турбін, электроннага, мед. і інш. абсталявання. Мае радыё- і тэлестанцыі. Прадпрыемствы ў ЗША (больш за 120), Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Канадзе, Пуэрта-Рыка, Швейцарыі і інш.

т. 4, с. 119

ВЕ́СТЭРАЛЕН

(Vesteralen),

астравы ў Нарвежскім м., каля паўн.-зах. ўзбярэжжа Скандынаўскага п-ва, тэр. Нарвегіі. Агульная пл. 3,6 тыс. км². Складаецца з 3 буйных (Анё, Лангё, Хадселё) і мноства дробных астравоў. Астравы гарыстыя, выш. да 1266 м (в-аў Хінё). Фіёрды. Клімат умераны марскі. Шмат азёр і тарфянікаў; лугі, месцамі бярозавыя хмызнякі. Рыбалоўства. Асн. порт — Харстад.

т. 4, с. 120