Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),

амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 11, с. 279

НЕКРО́З у раслін,

амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл. Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр. ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 279

НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),

назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.

т. 11, с. 279

НЕКТА́Р (грэч. nektar),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі напітак багоў-алімпійцаў, які разам з амброзіяй (ежай багоў) надае ім бессмяротнасць і вечную маладосць. У пераносным сэнсе Н. — напітак выдатнага смаку і водару.

т. 11, с. 279

НЕКТА́Р,

цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган. к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.

т. 11, с. 279

НЕКТА́РНІКІ,

разнастайныя трубчастыя ўтварэнні ў раслін, што выдзяляюць нектар. Размешчаны пераважна ў кветках — на чашалісціках, пялёстках, у сценках завязі, на кветаложы і інш. У некат. раслін утвараюцца на вегетатыўных органах (чаранках, прылістках, прыкветніках і інш.). Нектар звычайна выдзяляецца праз сценкі паверхневых клетак, у некат. — праз асобныя вусцейкі. Прывабліваюць да кветак жывёл-апыляльнікаў (насякомых, у тропіках таксама птушак, радзей кажаноў) і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню.

т. 11, с. 280

НЕКТА́РНІЦЫ, нектарніцавыя,

нектаркі (Nectariniidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 8—11 родаў, 104—116 відаў. Пашыраны ў Паўд. Азіі, Аўстраліі і Афрыцы. Жывуць у лясах, садах, зарасніках кустоў, гарах. Робяць сезонныя міграцыі, звязаныя з масавым цвіценнем раслін, удзельнічаюць у іх апыленні. 1 від у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 25 см, маса да 20 г. Дзюба доўгая, тонкая, часта выгнутая, краі наддзюб’я злёгку зазубраныя. Афарбоўка самцоў яркая, з метал. адлівам, самак — зеленавата-шэрая. У некат. відаў самцы і самкі афарбаваны аднолькава, у цьмяныя колеры. Кормяцца насякомымі, павукамі, пладамі, нектарам кветак (адсюль назва).

Э.​Р.​Самусенка.

Нектарніцы: 1 — даўгахвостая; 2 — белабрухая.

т. 11, с. 280

НЕКТО́Н (ад грэч. nēktos які плавае, плыве),

сукупнасць актыўна плаваючых водных жывёл, здольных процістаяць сіле цячэння і актыўна перамяшчацца на значныя адлегласці. Форма цела ў большасці нектонных жывёл абцякальная (верацёна- або тарпедападобная); добра развіты органы руху — ласты, плаўнікі і інш. Да Н. належаць ракападобныя, галаваногія малюскі, рыбы (асн. частка), водныя змеі, чарапахі, пінгвіны, кітападобныя, ластаногія, у прэсных водах таксама насякомыя і земнаводныя. У вадаёмах Беларусі да Н. належаць пераважна ракападобныя і рыбы.

т. 11, с. 280

НЕ́КТРЫЯ (Nectria),

род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.

Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 280

НЕЛІКВІ́ДЫ,

залішнія або непатрэбныя прадпрыемству таварна-матэрыяльныя каштоўнасці і гатовыя вырабы, якія цяжка рэалізаваць. Наяўнасць Н. замаруджвае абарачальнасць абаротных сродкаў, пагаршае фін. стан аб’ектаў гаспадарання. Гл. таксама Ліквіднасць.

т. 11, с. 280