Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

В’ЕНЦЬЯ́Н,

горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р. Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс. ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.

Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв. Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.

т. 4, с. 91

ВЕ́НЧУР

(ад англ. venture рызыкаваць, адважвацца),

заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-небудзь магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах. Паняцце венчура выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Венчурны бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі; венчурны капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму) — камерц. навук.-тэхн. арг-цыю, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытв-сці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.

т. 4, с. 91

ВЕ́НЫ,

крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.

т. 4, с. 91

ВЕНЯВІ́ЦІНАЎ Дзмітрый Уладзіміравіч

(26.9.1805, Масква — 27.3.1827),

рускі паэт. Прадстаўнік філас. плыні ў рус. рамантызме. Скончыў Маскоўскі ун-т (1824). Адзін з заснавальнікаў «Таварыства любамудрасці». Рамантычная паэзія Венявіцінава насычана філас. матывамі ў духу шэлінгіянства. Многія вершы прысвечаны высокаму прызначэнню паэта і паэзіі, культу дружбы і братэрства паміж людзьмі. Аўтар любоўных элегій («Запавет», «Элегія», «Да майго пярсцёнка», «Паэт і сябра», «Апошнія вершы» і інш.), паэмы «Еўпраксія» (выд. 1829). Перакладаў з лац., франц. і ням. моў (Вергілій, Ш.Мільвуа, І.В.Гётэ, Э.Т.А.Гофман і інш.). Пісаў філас. і літ.-крытычныя артыкулы.

Тв.:

Полн. собр. соч. М.; Л. 1934;

Стихотворения;

Проза. М., 1980.

Літ.:

Тартаковская Л.А. Дмитрий Веневитинов: (Личность. Мировоззрение. Творчество). Ташкент, 1974.

т. 4, с. 91

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ Анатоль Васілевіч

(30.6.1887, с. Зірган, Башкірыя — 9.8.1959),

рускі вучоны-юрыст. Акадэмік АН СССР (1958). Скончыў пецярбургскія політэхн. ін-т (1910) і ун-т (1912). Выкладаў у Яраслаўскім ун-це, Петраградскім політэхн ін-це і інш. ВНУ. Даследаваў арганізацыю кіравання прам-сцю і права дзярж. уласнасці. Аўтар прац па праблемах права і эканомікі: «Зліццё акцыянерных кампаній» (1914), «Прававая прырода дзяржаўных прадпрыемстваў» (1928), «Дзяржаўная сацыялістычная ўласнасць» (1948), «Арганізацыя дзяржаўнай прамысловасці ў СССР» (т. 1—2, 1957—61) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 4, с. 91

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ Леў Мікалаевіч

(н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.Лысенкі, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Аіда» Дж.Вердзі, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Гугеноты» Дж.Меербера, «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.

т. 4, с. 91

ВЕПР,

гл. Дзік.

т. 4, с. 91

ВЕ́ПРАЎШЧЫНА,

вепраўшчызна, павепраўшчызна, грашовы падатак у ВКЛ, які ў 16—18 ст. спаганяўся з сялян за права карыстання ляснымі ўгоддзямі землеўласніка. Памер вызначаўся непасрэдна зямельным уласнікам.

т. 4, с. 91

ВЕ́ПРЫК Уладзімір Іванавіч

(н. 16.9.1927, в. Барысаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1956). Працаваў у Кіеўскай філармоніі, Львоўскім т-ры оперы і балета. З 1963 саліст Бел. філармоніі. Сярод оперных партый: Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртным рэпертуары лірычныя песні, рамансы, оперныя арыі і інш.

т. 4, с. 91

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.М.Пешкаў.

т. 4, с. 91