ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду, міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.
т. 4, с. 87
ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1969 аб праве міжнародных дагавораў, міжнародны акт, які рэгламентуе парадак заключэння і ўступлення ў сілу, выкарыстання, тлумачэння, спынення і прыпынення дзеянняў міжнар. дагавораў і інш.
т. 4, с. 87
ВЕ́НСКАЯ КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА
(ням. Wiener Klassik),
кірунак у еўрапейскай музычнай культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прадстаўнікі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, творчасць якіх звязана з Венай. Маст. прынцыпы Венскай класічнай школы ўласцівыя музыцы 1780—1810-х г. Дзейнасць кампазітараў школы падрыхтавана маст. вопытам іх папярэднікаў і сучаснікаў, уключаючы італьян. і франц. оперу і інстр. культуру, дасягненні ням. музыкі (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах і яго сыны, мангеймская школа). Для прадстаўнікоў школы характэрныя універсальнасць маст. мыслення, лагічнасць, дакладнасць маст. Формы. Дынамічнае разуменне імі жыццёвых працэсаў найб. поўна выявілася ў санатнай форме і абумовіла сімфанізм многіх іх твораў. З сімфанізмам у шырокім сэнсе слова звязаны росквіт вядучых інстр. жанраў эпохі — сімфоніі, санаты, канцэрта і камернага ансамбля, канчатковае фарміраванне 4-часткавага санатна-сімф. цыкла (гл. Цыклічныя формы). Дасягненні кампазітараў Венскай класічнай школы ў галіне аркестравай і камерна-інстр. музыкі, у жанрах оперы, месы, араторыі з’яўляюцца вяршынямі сусв. муз. мастацтва. Яны зрабілі велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. музыкі.
Літ.:
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982;
Rosen Ch. The classical style: Haydn, Mozart, Beethoven, New York, [1972].
т. 4, с. 87
ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,
трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.Рыбентропа і Італіі Г.Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд. ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн. чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс. км², 2577 тыс. чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.
т. 4, с. 89
ВЕ́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1961 і 1963,
міжнародныя акты, якія кадыфікавалі нормы пасольскага права і консульскага права. Канвенцыя 1961 аб дыпламат. зносінах рэгламентуе дзейнасць дыпламат. прадстаўнікоў, вызначае іх прывілеі, імунітэты і да т.п. Удзельнікам гэтай канвенцыі з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах (увайшла ў дзеянне ў 1967) рэгулюе парадак іх устанаўлення, адкрыцця, задачы, прывілеі і імунітэты консульскіх устаноў.
т. 4, с. 89
ВЕ́НСКІ БЛАКІ́ТНЫ ТРУС,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Аўстрыі ў канцы 19 ст. метадам узнаўленчага скрыжавання жывёл пароды бельгійскі волат з дробнымі блакітна-шэрымі мясц. трусамі. Парода вельмі пашырана ў краінах Еўропы. На Беларусі гадуюць аматары.
Трусы сярэдняй велічыні з падоўжаным тулавам і моцным касцяком, даўж. цела 52—56 см і больш, ахоп грудзей 35—37 см, сярэдняя жывая маса 4,5 кг. Валасяное покрыва нармальнага шэрснага тыпу, бліскучае, з аднароднай шыза-блакітнай афарбоўкай. Шкуркі выкарыстоўваюць для імітацыі пад каштоўнае футра пушных звяроў і ў натуральным выглядзе.
т. 4, с. 88
ВЕ́НСКІ ГУРТО́К,
філасофскі гурток, у якім былі выпрацаваны прынцыпы лагічнага пазітывізму. Існаваў у 1922 — канцы 1930-х г. пры Венскім ун-це (кіраўнік М.Шлік). У гурток уваходзілі Р.Карнап, Ф.Вайсман, Г.Фейгль, О.Нойрат, Г.Ган, В.Крафт, К.Гёдэль і інш., з ім супрацоўнічалі Г.Райхенбах, Ф.Франк, Э.Нагель і інш. У 1929 распрацавана праграма «Навуковае светаразуменне. Венскі гурток», у 1930—39 выдаваў час. «Erkenntnis» («Пазнанне») і інш. перыёдыку. Праводзіў філас. кангрэсы, наладжваў сувязь з інш. групамі, у т. л. з Львоўска-Варшаўскай школай і інш. На пач. 2-й сусв. вайны спыніў сваю дзейнасць. Пераемнікамі Венскага гуртка сталі школы лагічнага эмпірызму ў ЗША.
Літ.:
Франк Ф. Философия науки: Пер. с англ. М., 1960.
В.М.Пешкаў.
т. 4, с. 88
ВЕ́НСКІ ЗВАРО́Т СУСВЕ́ТНАГА САВЕ́ТА МІ́РУ 1955,
«Зварот да народаў свету» супраць падрыхтоўкі атамнай вайны. Прыняты 19.1.1955 Бюро Сусветнага Савета Міру ў Вене. Быў рэакцыяй удзельнікаў міжнар. руху прыхільнікаў міру на рашэнні парыжскай сесіі Савета НАТО (снеж. 1954), якія фактычна санкцыянавалі выкарыстанне ядз. зброі. Зварот асуджаў магчымасць развязвання ядз. вайны, патрабаваў знішчыць запасы атамнай зброі ў свеце і неадкладна спыніць яе вытв-сць. На 6.8.1955 пад Зваротам падпісаліся каля 666 млн. чал., у т. л. больш за 123,5 млн. чал. у СССР.
т. 4, с. 88
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх. ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн. ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона І, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр. Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
т. 4, с. 88