Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАГАЛЕ́ВІЧ (Міхаіл Вікенцьевіч) (н. 29.9.1932, пас. Глінішчы Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1964). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Сярод жывапісных твораў: «Вечар» (1968), «Спі маленькі» (1971), «Беларусачка», «У памяці жывых» (абодва 1975), «Вясковая вуліца», «Які прыгожы гэты свет» (абодва 1977), «Антось і Ганна», «Фізік-тэарэтык» (абодва 1978), «У святочны вечар» (1979), «Восень» (1980), «Веснавая краса», «Збіраюць яблыкі» (абодва 1981), «Беларуская калыханка» (1982), «Дзяўчына і ружы», «Мір», «Журавіны» (усе 1983), «Свята», «Спрадвечнае», «Успаміны», «Светлы сум» (усе 1985), «Гонар беларускай навукі», трыпціх «Красуйся і ў шчасці жыві» (1987), «Маладая сям’я» (1988), «Сімфонія вясны» (1989), «Пра час і пра сябе», «Элегія» (абодва 1992), «Філасофія прыроды» (1999), «У садзе» (2000). Выканаў шэраг графічных партрэтаў. Творы адметныя самабытнасцю маст. мовы, маляўнічай дэкаратыўнасцю, чысцінёй колераў, выразнай контурнай лініяй.

М.Рагалевіч. Фізік-тэарэтык. 1978.

т. 13, с. 194

РАГАЛЕ́ВІЧ-ДУТКО́ (Ірэна Міхайлаўна) (н. ў 1942, в. Літоўе Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастачка ў эміграцыі. Пляменніца Н.Кудасавай. З 1944 разам з бацькамі жыла ў Германіі. З 1950 у ЗША, дзе скончыла маст. школу ў штаце Пенсільванія. Як дызайнер спецыялізуецца ў графіцы. Малюе таксама алеем, акварэллю. Аформіла шэраг выданняў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, брашур, каталогаў, календароў, праспектаў і інш. рэкламнай прадукцыі. Намалявала абразы для бел. правасл. царквы ў Саўт-Рыверы. Арганізатар і ўдзельнік традыц. маст. выставак у г. Саўт-Рывер. Адказвала за маст. праграму бел. фестываляў у штаце Нью-Джэрсі (1976, 1977, 1979). Член кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Саўт-Рыверы.

А.​С.​Ляднёва.

т. 13, с. 194

РАГАЛІ́СНІК (Ceratophyllum),

род кветкавых раслін сям. рагаліснікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды Р.; апушчаны (C. demersum) і паўапушчаны, нар. назва вадзяная крапіва (C. submersum). Растуць у азёрах, сажалках, старыцах, канавах, утвараюць зараснікі.

Шматгадовыя водныя травяністыя бескаранёвыя расліны. Сцёблы тонкія, галінастыя, даўж. да 1,5 м. Лісце ў кальчаках, шматразова рассечана на лінейныя або ніткападобныя храсткаватыя долі. Кветкі дробныя, непрыкметныя, аднаполыя (апыленне падводнае). Плод — арэшак. Кармавыя расліны для рыб і вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

Рагаліснік апушчаны.

т. 13, с. 194

«РАГА́ЛЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 150 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажахоўскія, Завадскія, Іваноўскія, Красіцкія. Шчыт герба падзелены вертыкальна напалам, у 1-м, чырв. полі сярэбраны аленевы рог з 4 адросткамі, у 2-м, сярэбраным полі чырв. буйвалавы рог. Клейнод — над прылбіцай з каронай такія ж самыя рогі. Вядомы з сярэдзіны 13 ст.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 194

РАГАНО́ЎСКІ (Мікалай Максімавіч) (н. 24.8.1942, с. Новасімбірка Кувандыкскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. матэматык і педагог. Д-р пед. н. (1999), праф. (1996). Скончыў Орскі пед. ін-т (1964). З 1972 у Магілёўскім ун-це. Навук. працы па інтэграцыйных падыходах, сучасных сістэмах і тэхналогіях у навучанні матэматыцы. Аўтар падручнікаў па геаметрыі для сярэдніх школ з паглыбленым вывучэннем матэматыкі.

Тв.:

Методика преподавания математики в средней школе. Мн., 1990;

Научно-методические основы построения учебника геометрии средней школы. Мн., 1992.

т. 13, с. 194

РАГАЎЦО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.5.1947, в. Старая Каменка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне оптыкі і прыкладной матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (2000). Скончыў БДУ (1970). З 1979 у БПА. Навук. працы па тэорыі пераносу выпрамянення, скарыстанні ўласцівасцей і прынцыпаў інварыянтнасці пры рашэнні задач матэм. фізікі. Сфармуляваў прынцып інварыянтнасці як абагульненне асн. аспектаў тэарэтыка-групавога падыходу, на аснове чаго атрымаў рашэнні мнагамерных задач тэорыі пераносу, бесканечных лінейных сістэм алг. і Дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

Тв.:

Восстановление внутреннего распределения поля излучения по его характеристикам на границах рассеивающей среды // Изв. АН СССР. Физика атмосферы и океана. 1980. Т. 16, №3;

Свойства и принципы инвариантности: Приложение к решению задач мат. физики. Ч. 1. Мн., 1999.

т. 13, с. 194

РАГАЎЦО́Ў (Уладзімір Мітрафанавіч) (н. 3.4.1943, в. Гута Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). З 1964 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівы акрэсленасць знешняга малюнка і распрацаванасць характару вобраза, шчырасць і эмацыянальнасць. Лепшыя ролі ў бел. рэпертуары: Прокусаў («Верачка» А.​Макаёнка), Раман («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна), Сцяпан («Людзі на балоце» І.​Мележа), Скарына («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Красоўскі («Парог» А.​Дударава), Максім («Выклік багам» А.​Дзялендзіка), айцец Вікенцій («Пеўчыя» Г.​Марчука), Ваявода («Князь Вітаўт» А.​Дударава). Сярод. інш. роляў: Барыс, Мілонаў («Навальніца», «Лес», А.​Астроўскага), Сорын, Кулыгін («Чайка», «Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.​Арбузава), Цімафей («Традыцыйны збор» В.​Розава), Карцаў («Яшчэ раз пра каханне» Э.​Радзінскага), Ён («Віват, імператар!» Э.​Іанеска), Сямёнаў («Піраміда Хеопса» Ю.​Ломаўцава) і інш. Выступае на тэлебачанні з монаспектаклямі, на радыё. Зняўся ў фільмах «Людзі на балоце», «Трывожнае шчасце», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні», «Чужая бацькаўшчына», «Парашуты на дрэвах», «Помні імя сваё» і інш.

Р.​І.​Баравік.

т. 13, с. 195

Рагаўцоў Васіль Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 442

РАГАХВО́СТЫ (Sificoidea),

надсямейства насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых. 2 сям., каля 200 відаў. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі хвойны, або Р.-гігант (Serix gigas, або Urocerus gigas), сіні хваёвы (Sirex juvencus, або Paururus juvencus), бярозавы (Tremex tuscicornis). Пераносчыкі чырв. гнілі драўніны. Шкоднікі лесу.

Даўж. да 6 см. Цела цыліндрычнае. У самак на канцы брушка доўгі яйцаклад, падобны на рог (адсюль назва). Вусікі шчацінкападобныя. Ротавыя органы грызучыя. Ногі бегальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі белаватыя з жаўтаватым або зеленаватым адценнем, цыліндрычныя, выгнутыя, з 3 парамі рудыментарных грудных ног і вострым адросткам на заднім канцы цела.

С.​Л.​Максімава.

Рагахвосты: 1 — вялікі хвойны (а — дарослая самка; б — лічынка); 2 — сіні хваёвы.

т. 13, с. 195

РАГА́ЦІК (Clavariadelphus),

род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.

Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.

Рагацік язычковы.

т. 13, с. 195