род базідыяльных грыбоў сям. рагацікавых. 7 відаў і шэраг форм. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Паўн. Амерыцы, Японіі. На Беларусі 2 віды Р.: песцікавы (C. pistillaris), занесены ў Чырв. кнігу, і язычковы (C. ligula). Трапляюцца з ліп. па вер. на галінках у хвойных мяшаных лясах, на апалай ігліцы, лісці.
Р. язычковы мае пладовае цела выш. 6—8 см булавападобнай або языкападобна выцягнутай формы, пры выспяванні вохрыста-жоўтага, пры высыханні — шаравата-бураватага колеру. Мякаць мяккая, белая ці крэмавая. Споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Малавядомы ядомы грыб. Таксама Р. наз. грыбы родаў Roniaria, Clavaria і інш.