БУ́СЛАЎ Казімір Паўлавіч
(25.10.1914, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 20.1.1983),
бел. філосаф. Акад. АН Беларусі (1972), д-р філас. н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1938). З 1956 дырэктар Ін-та філасофіі і права, у 1972—76 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў праблемы культуры, сац. прагрэсу, гуманізму, свабоды і адказнасці асобы. Аўтар прац «Свабода павінна быць свабодай на справе» (1961), «Прызначэнне чалавека і сэнс яго жыцця» (1967), «Сацыяльнае адзінства, супярэчнасці, адказнасць» (1972), «Фарміраванне сацыяльнага ў чалавеку» (1980) і інш.
т. 3, с. 357
БУСЛЫ́
(Ciconiidae),
сямейства птушак атр. буслападобных, або галянастых. 11 родаў, 18 відаў, пераважна ў тропіках. У Палеарктыцы 3 віды, з іх 2 на Беларусі: бусел белы (Ciconia ciconia) і бусел чорны (Ciconia nigra), які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Бусел чорны часцей трапляецца на Палессі, радзей — на поўначы і вельмі рэдка ў зах. і ўсх. раёнах Беларусі. На пач. 1989 колькасць папуляцыі бусла чорнага ў рэспубліцы дасягнула 1007.
Даўж. 76—152 см. Дзюба доўгая, прамая або злёгку загнутая ўгару ці ўніз. Крылы доўгія і шырокія, некат. буслы могуць доўга лунаць. Большасць відаў не маюць голасу (адсутнічаюць галасавыя мускулы ніжняй гартані) і выдаюць гукі, калі шчоўкаюць дзюбай (рэзанатар — гарлавы мяшок). Гнёзды на дрэвах, скалах, будынках. Пасля гнездавання часта збіраюцца ў чароды. Кормяцца на вільготных лугах, балотах беспазваночнымі, жабамі, трытонамі, яшчаркамі, мышападобнымі грызунамі. Некат. буслы (марабу) кормяцца адкідамі. Бусел далёкаўсходні занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
т. 3, с. 357
БУСО́ЛЬ
(франц. boussole),
геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.
т. 3, с. 357
БУСТАМА́НТЭ-І-СІРВЕ́Н (Bustamante y Sirvén) Антоніо Санчэс дэ
(13.4.1865, Гавана — 24.8.1951),
кубінскі юрыст-міжнароднік, дыпламат. Праф. міжнар. права і ганаровы дэкан юрыд. ф-та Гаванскага ун-та. Прадстаўнік Кубы на 2-й Гаагскай канферэнцыі міру 1907, на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 і на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі 1928. Аўтар прац па міжнар. публічным і міжнар. прыватным праве, у т. л. Бустамантэ кодэкса.
т. 3, с. 357
БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,
адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».
т. 3, с. 357
БУ́СТЭР
(англ. booster),
дапаможнае прыстасаванне для павелічэння сілы і скорасці дзеяння асноўнага механізма або машыны ў моманты асабліва вял. нагрузак. Напр., гідраўлічнае, эл. або пнеўматычнае прыстасаванне ў сістэме кіравання рулямі скорасных самалётаў; стартавы паскаральнік, першая ступень многаступеньчатай ракеты; прамежкавы паскаральнік зараджаных часціц; дадатковая крыніца эл. току (у т. л. трансфарматар), што ўключаецца для стабілізацыі эл. напружання ў сетках.
т. 3, с. 358
БУСУЁК (Busujok) Аўрэліу Аляксандравіч
(н. 26.10.1928, с. Кадранка Страшанскага р-на, Малдова),
малдаўскі пісьменнік. Аўтар паэт. зб-каў «Камень спатыкнення» (1958), «Рэдкая кветка» (1961), «Туга», «Каханне» (абодва 1963), «У белым і чорным» (1977) і інш. У рамане «Адзін перад тварам кахання» (1966) — маральна-этычныя праблемы, сцвярджэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, у рамане «Мой парыжскі дзядзя» (1973) — праблемы выхавання, пошуку месца ў жыцці. Драматург, перакладчык. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы.
т. 3, с. 358
БУСЫ́РСКІ Аляксандр Сяргеевіч
(24.12.1806 — пасля 1845),
бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1830). У 1833—37 магілёўскі губ. архітэктар. Па яго праектах у Магілёве пабудаваны флігелі ваен. шпіталя (1833) і да палаца ў сядзібе «Піпенберг» (1836), павятовае і прыходскае вучылішчы (1834; усе не зберагліся).
т. 3, с. 358