БУРЭ́ННЕ,
стварэнне горнай вырабаткі цыліндрычнай формы (свідравіны, шпура, шахтавага ствала). Адрозніваюць бяскернавае (суцэльнае; разбурэнне горных парод адбываецца па ўсёй плошчы забою) і калонкавае (толькі па кальцавой пляцоўцы каля сцен свідравіны; слупок неразбуранай пароды — керн — дастаюць на паверхню). Кавалкі пароды выдаляюцца са свідравіны шнэкам, жалонкай або прамывачнай вадкасцю.
Бывае механічнае (вярчальнае, ударнае) э непасрэдным уздзеяннем буравога інструменту на пароду і таксама гідраўлічнае, тэрмічнае, хім. і інш.; у залежнасці ад тыпу інструменту — шнэкавае, шарошачнае, цвердасплаўнае, алмазнае; паводле тыпу буравой машыны — перфаратарнае, гідраўдарнае, турбіннае, электрабурэнне; паводле размяшчэння свідравін — нахільнае, куставое, шматствольнае і інш. Бурэнне выкарыстоўваюць для пошуку карысных выкапняў, здабычы вады, нафта, газу, расолаў, асушэння, вентыляцыі падземных збудаванняў, буд-ва палевых фундаментаў і інш.
т. 3, с. 356
БУРЭЯ́,
рака, левы прыток Амура, у Хабараўскім краі і Амурскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 623 км. Пл. басейна 70,7 тыс. км². Утвараецца пры зліцці Правай Бурэі і Левай Бурэі. У верхнім цячэнні горная рака, у сярэднім пераразае адгор’і хр. Турана і цячэ ў вузкай даліне, у нізоўях цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне. Асн. прытокі: Німан, Туюн (справа), Ургал, Тырма (злева). Сярэдні расход вады 940 м³/с. Сплаўная. Суднаходства на 197 км ад вусця.
т. 3, с. 356
БУР’Я́Н Барыс Іванавіч
(н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі пра т-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
З сёмага рада партэра. Мн., 1978;
Судьба чужая — как своя. Мн., 1982;
Грозовые отголоски: Повести. Мн., 1984;
І толькі надпіс...: Арт. і эсэ. Мн., 1987.
т. 3, с. 356
БУ́СЕЛ Яўген Сямёнавіч
(н. 14.2.1936, в. Міхайлаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1964). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Шэраг твораў зроблены ў традыцыях лубка. Сярод работ: серыі гравюр «Беларускія народныя прымаўкі» (1975), «Беларускія жартоўныя песні» (1980), графічныя лісты «Вяртанне рыбакоў» (1979), «Вяргіні цвітуць», «Бацькаўшчына», «Толькі сэрцам трывожным пачую» (усе 1981), зб. карыкатур «Лішняя вага» (1975), ілюстрацыі да апавяданняў М.Гарэцкага (1987), серыя лінарытаў па вершах М.Багдановіча (1992) і інш.
т. 3, с. 356
БУ́СЕЛЬНІК,
грабелькі, журавельнік (Erodium), род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я і ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца бусельнік цыкутавы (Е. cicutarium) як пустазелле, а таксама на пустках і сметніках.
Адна-, двух- ці шматгадовыя травяністыя расліны з апушаным распасцёртым або ўзнятым сцяблом. Лісце супраціўнае, перыстае ці лопасцевае, ніжняе звычайна сабранае ў разетку. Кветкі пераважна пурпуровыя, ружовыя ці ліловыя з цёмнымі жылкамі, у шматкветкавых паўпарасоніках, радзей адзіночныя. Плод — зборны арэшак (стэрыгма). Лек. (вяжучы, кроваспыняльны, процісутаргавы сродак) і дэкар. расліны, маюць дубільныя рэчывы, вітамін С, карацін, арган. к-ты, смолы.
т. 3, с. 356
БУСЕНА́Р (Boussenard) Луі Анры
(4.10.1847, Эскрэн, дэпартамент Луарэ, Францыя — 11.91910),
французскі пісьменнік. Атрымаў мед. адукацыю ў Парыжы. Адзін з заснавальнікаў часопіса для падлеткаў «Le journal des voyages» («Дзённік падарожжаў»). Аўтар прыгодніцкіх раманаў для дзяцей і юнацтва: «Падарожжа вакол свету аднаго парыжскага хлопчыка» (1878—80), «Тайна доктара Сінтэза» (1888—89), «Палымнеючы востраў» (1898), «Капітан-Сарві-Галава» (1901) і інш. Творчасць Бусенара ў многіх дэталях, сюжэтах (часта разгортваюцца ў абставінах «экзатычных» краін), фантастычных элементах (падрабязнае апісанне складаных машын і навук. адкрыццяў, якія з’яўляюцца на некалькі дзесяцігоддзяў пазней) апярэдзіла развіццё навук.-фантаст. і прыгодніцкага жанраў у 20 ст.
Твю.: Рус. пер. — Полн. собр. романов. Кн. 1—40. СПб., 1911; Собр. романов. Т. 1—10. М., 1991—93; Охотники за каучуком. М., 1992; Похитители бриллиантов. Мн., 1993.
С.В.Логіш.
т. 3, с. 356
БУСІДО́
(яп. шлях воіна),
у сярэдневяковай Японіі разнавіднасць няпісанага ганаровага кодэксу класа воінаў. Сярод асн. прынцыпаў бусідо — абсалютная вернасць свайму сюзерэну, адвага ў баі і пагарда да смерці, павага да праціўніка, выкананне прынятых на сябе абавязкаў і загартоўка духу. Сфарміравалася на аснове элементаў канфуцыянства, светапогляду будыйскай секты дзен і сінтаізму. У наш час бусідо аказвае ўплыў на этыку японцаў.
т. 3, с. 357
БУСЛА́ЕЎ (сапр. Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч
(11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),
артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар. арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).
т. 3, с. 357
БУСЛА́ЕЎ Фёдар Іванавіч
(н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),
рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв. міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. Помнікаў.
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.
т. 3, с. 357