Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЕАГО́ТЫКА (ад неа... + готыка),

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., які пераасэнсоўваў гіст. формы стылю готыкі ў рэчышчы стылю мадэрн.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 11, с. 252

НЕАДАРВІНІ́ЗМ,

эвалюцыйная канцэпцыя, распрацаваная ням. вучоным А.​Вейсманам на першым этапе развіцця генетыкі (у канцы 19 ст.). Тэарэт. аснова Н. — вучэнне аб зародкавай плазме і зародкавым шляху сцвярджае, што ў спадчыну перадаюцца тыя змены, якія адбываюцца ў спадчынных адзінках палавых клетак — дэтэрмінантах. Набытыя адзнакі ў спадчыну не перадаюцца. Гэтыя вывады шмат у чым прадвызначылі сучасныя прадстаўленні аб спадчыннай зменлівасці. Але ў цэлым адыход ад дарвінаўскіх палажэнняў аб прычынах зменлівасці і прыродзе спадчыннасці, спроба звязаць даныя генетыкі з эвалюц. тэорыяй і дапоўніць дарвінаўскае прадстаўленне аб натуральным адборы былі памылкай. У 2-й пал. 20 ст. Н. часам называюць сучаснае эвалюц. вучэнне.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 252

НЕАДКЛА́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА,

лячэбныя мерапрыемствы, якія праводзяць на этапе мед. эвакуацыі з мэтай вывядзення хворага са стану, небяспечнага для жыцця. Гл. Хуткая медыцынская дапамога.

т. 11, с. 252

НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,

электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.

Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.

М.​С.​Пятроў.

т. 11, с. 252

НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 253

НЕАДЫ́М (лац. Neodymium),

Nd, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 60, ат. м. 144,24; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў з масавымі лікамі 142—146, 148, 150; ізатопы ​144Nd і ​150Nd слабарадыеактыўныя; найб. колькасць ​142Nd (27,07%) і ​144Nd (23,78%). У зямной кары 2,5∙10​−3% па масе. Адкрыты ў 1885 аўстр. хімікам К.​Аўэрам фон Вельсбахам, назва ад неа... і грэч. didymos — блізня, двайнік (празеадыму).

Мегал светла-шэрага колеру, tпл 1016 °C, шчыльн. 6905 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем, мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Метал. Н. атрымліваюць электролізам расплаву фтарыду NdF3 ці хларыду NdCl3, а таксама кальцыятэрмічным аднаўленнем гэтых злучэнняў. Выкарыстоўваюць як кампанент мішметалу (сплаву рэдказямельных элементаў), алюмініевых і магніевых сплаваў, як актыватар лазерных матэрыялаў, аксід Nd2O3 — у вытв-сці аптычнага шкла.

т. 11, с. 253

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАСЦЕЙ СУАДНО́СІНЫ,

фундаментальныя суадносіны квантавай механікі, якія ўстанаўліваюць межы дакладнасці адначасовага вызначэння пэўных пар фіз. велічынь, у прыватнасці — кананічна спалучаных дынамічных пераменных, напр., каардынаты і імпульсу мікрачасціцы. Устаноўлены В.К.Гайзенбергам (1927) пры аналізе ўяўных эксперыментаў па вымярэнні каардынат і імпульсаў квантавага аб’екта.

Вынікаюць з карпускулярна-хвалевай прыроды квантавых аб’ектаў, фармальна — з уласцівасцей тых матэм. аб’ектаў (аператараў), якія апісваюць фіз. велічыні ў апараце квантавай механікі. Запісваюцца ў выглядзе няроўнасцей віду Δx Δpx h/2 , дзе Δx = ( Δx ) 2 і Δpx = ( Δpx ) 2 — неазначальнасці (сярэднеквадратычныя адхіленні ад сярэдніх значэнняў) аператараў каардынаты і кампаненты імпульсу адпаведна; h = h/2π , дзе hПланка пастаянная. Такія ж суадносіны выконваюцца для каардынат y і z і адпаведных кампанентаў імпульсу. Аналагічныя суадносіны маюць месца і для інш. пар фіз. характарыстык мікрааб’ектаў, напр., энергіі і часу жыцця сістэмы ў зададзеным стане, вугла павароту вакол зададзенай восі і праекцыі на яе моманту імпульсу. Н.с. вызначаюць спосаб найпрасцейшых ацэнак колькасных характарыстык квантавых сістэм.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 11, с. 253

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАЯ ФО́РМА ДЗЕЯСЛО́ВА,

гл. Інфінітыў.

т. 11, с. 253

НЕАІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад неа... + імпрэсіянізм),

кірунак у жывапісе канца 19—1-й пал. 20 ст. Засн. ў Францыі каля 1885 Ж.Сёра і П.Сіньякам. Тэрмін уведзены Ф.​Фенеонам у 1886. Н. навукова абгрунтаваў раскладанне тонаў на чыстыя колеры і прыём пісьма раздзельнымі мазкамі (гл. Пуантылізм), адвяргаў выпадковасць і фрагментарнасць кампазіцый імпрэсіянізму, вызначаўся абагульненай, плоскасна-дэкар. манерай жывапісу, які нагадваў пано. Паслядоўнае аптычнае змяшэнне чыстых тонаў спектра стварала эфект асляпляльна белага святла і разам з тым «выцвітання», бялёсасці каларыту. У розныя часы да Н. звярталіся А.​Матыс, А.​Дэрэн, Р.​Дэланэ, Дж.​Северыні, Дж.​Бала, ім захапляліся В. ван Гог, Э.​Бернар, П.​Гаген і інш. Н. пашырыўся ў Галандыі (Артс, Брэмер, Вейлбрыф), Італіі (П. да Вальпеда, Дж.​Сеганціні і інш.), пад уплывам бельгійцаў Т. ван Рэйселберге і А. ван дэ Велдэ да Н. звярталіся ў Германіі П.​Баўм, К.​Герман, К.​Рольфс, І.​Гаўптман.

Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Неаімпрэсіянізм. П.​Сіньяк. Хвоя. Сен-Трапез.

т. 11, с. 253

НЕАКАЛАНІЯЛІ́ЗМ,

вызначэнне, якое выкарыстоўваецца як агульная назва сістэмы нераўнапраўных (эканам. і паліт.) адносін паміж краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і развітымі краінамі Еўропы і Паўн. Амерыкі пасля распаду калан. імперый у сярэдзіне 20 ст. Ажыццяўляецца ў форме пранікнення ў новыя незалежныя краіны транснац. карпарацый, прадастаўлення фін., эканам. і інш. дапамогі, далучэння гэтых краін да ваен. і эканам. саюзаў. Спалучае метады эканам. і паліт. націску і некат. уступак у эканам. сферы.

т. 11, с. 253