Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕНІСЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў у Карскім м., паміж Гыданскім п-вам і п-вам Таймыр. Даўж. каля 225 км. шыр. каля ўваходу 150 км. глыб. 6—20 м. Упадае р. Енісей. Свабодны ад лёду 3 летнія месяцы. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (нельма, омуль), промысел цюленя, бялухі. На ўсх. беразе каля ўваходу ў Е.з. порт Дыксан.

т. 6, с. 391

ЕНІСЕ́ЙСКІ КРАЖ,

прыўзняты паўд.-зах. край Сярэднесібірскага пласкагор’я, у Краснаярскім краі Расіі. Распасціраецца на 700 км ад даліны р. Кан на ПнЗ па правабярэжжы р. Енісей, з якім перасякаецца, утвараючы Асінаўскі парог. Выш. да 1104 м (г. Енашымскі Палкан). Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў і вапнякоў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На схілах цемнахвойная тайга з перавагай піхты. Радовішчы золата, жал. руды, баксітаў, магнезіту, тальку і інш.

Енісей каля г. Краснаярск.

т. 6, с. 391

Е́НСЕН ((Jensen) Іаганес Вільгельм) (20.1.1873, г. Фарсё, Данія — 25.11.1950),

дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Капенгагенскім ун-це (1893—95). Аўтар раманаў сац.-псіхалагічных «Датчане» (1896), «Эйнар Элькер» (1898), гіст. «Падзенне караля» (ч. 1—3, 1900—01); «Спакушэнне доктара Рэно» (1935), «Гудрун» (1936), эпапеі «Доўгі шлях» (кн. 1—6, 1908—22) — своеасаблівай карціны грамадскага развіцця чалавецтва і даледавіковага перыяду да 16 ст. Выдаў зб-кі апавяданняў «Хімерландскія гісторыі» (кн. 1—3, 1898—1910), лірыка-філас. мініяцюр «Міфы» (кн. 1—9, 1907—44), «Ютландскі вецер» (1931), паэт. зб-кі «Вершы» (1906), «Поры года» (1923), кнігі дарожных нататкаў, эсэ «Гатычны рэнесанс» (1901), «Свіфт і Эленшлегер» (1950). У творах Е. спалучаюцца рысы рэалізму і неарамантызму. Нобелеўская прэмія 1944.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—9. М., 1911—1912;

Избранное. Л., 1989;

Долгий путь. СПб., 1994.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 391

Е́НСЕН ((Jensen) Іаганес Ганс Даніэль) (25.6.1907, г. Гамбург, Германія — 11.2.1973),

нямецкі фізік-тэарэтык. Чл. Гайдэльбергскай АН (1949). Скончыў Гамбургскі ун-т (1932), дзе і працаваў у 1937—41. З 1941 праф. Гановерскага тэхнал. ін-та, з 1949 — Гайдэльбергскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы і фіз. цвёрдага цела. Даследаваў узаемадзеянні іонаў у крышталях, атрымаў залежнасць поўнай энергіі крышталя ад міжатамнай адлегласці. Увёў паняцце спін-арбітальнай сувязі і распрацаваў абалонкавую мадэль атамнага ядра (1950). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з М.Гёперт-Маер).

т. 6, с. 391

ЕПА́РХІЯ (грэч. eparchia),

царкоўна-адм. адзінка (вобласць, зямля, дзяржава), падведамасная епіскапу. Першапачаткова дзярж.-адм. адзінка ў Рымскай імперыі. Калі з 4 ст. царк.-адм. падзел стаў адпавядаць дзярж.-адм. падзелу імперыі, назва «Е.» пачала ўжывацца і хрысціянскай царквой. Складаецца з прыходаў (парафій). Назвы Е. звычайна супадалі з назвамі гарадоў, дзе размяшчаліся епіскапскія кафедры.

Е. на Беларусі ў праваслаўнай царкве на 1997: Брэсцкая (засн. ў 1942. адноўлена ў 1990), Віцебская (засн. ў 1942, адноўлена ў 1992), Гродзенская (засн. ў 1900, адноўлена ў 1992), Гомельская (засн. ў 1990), Магілёўская (засн. ў 1632, адноўлена ў 1989), Мінская (засн. ў 1793), Навагрудская [у 1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі, у 1992 Е. адноўлена], Пінская (засн. ў 1241, адноўлена ў 1990), Полацкая (засн. ў 992, адноўлена ў 1989), Тураўская (засн. ў 1005, адноўлена ў 1992).

Е. на Беларусі ў рымска-каталіцкай царкве на 1997: Гродзенская (засн. ў 1991), Мінска-Магілёўская (Мінская засн. ў 1798, Магілёўская — у 1773, аб’яднаная Е. адноўлена ў 1991), Пінская апостальская адміністрацыя (засн. ў 1925, адноўлена ў 1991 з падпарадкаваннем Мінска-Магілёўскай Е.).

У грэка-каталіцкай царкве на тэр. Беларусі паміж 1595 і 1839 у розны час існавалі Е.: Кіеўская мітрапаліцкая (з рэзідэнцыяй мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, часам у Варшаве), Беларуская (Полацкая), Брэсцкая (Уладзімірска-Брэсцкая), Літоўская (Віленская), Смаленская, Турава-Пінская. У 1941—42 на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат з падпарадкаваннем мітрапаліту галіцкаму на Украіне, але сталая епархіяльная структура ў бел. уніятаў не склалася.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990.

т. 6, с. 391

ЕПАРХІЯ́ЛЬНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

сярэднія жаночыя навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Засн. паводле Статута 1843 пераважна для дачок праваслаўнага духавенства. Утрымліваліся на сродкі збораў з цэркваў, свечачных з-даў і інш. Падпарадкоўваліся Сіноду. Навучальны курс (6 кл., з 1900 спец. дадатковы 7-ы пед. кл.) набліжаўся да курса жаночых гімназій. Выпускніцы атрымлівалі права хатніх настаўніц і настаўніц пач., пераважна сельскіх, школ (з 1884 — царкоўнапрыходскіх). Пры некаторых Е.в. існавалі пач. школы, у якіх выхаванкі старэйшых класаў праходзілі практыку. У Беларусі існавалі Е.в.: Спаса-Ефрасіннеўскае каля Полацка (з 1844), у Парычах (з 1860), Мінску і Магілёве (1863), Віцебску (1864). Ліквідаваны паводле пастановы СНК ад 24.12.1917.

т. 6, с. 391

«ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

назва перыядычных выданняў, афіц. органаў епархій, якія выдаваліся з 2-й пал. 19 ст. да 1917 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Мелі 2 часткі: афіцыйную і неафіцыйную. У першай друкаваліся ўрадавыя пастановы, указы і распараджэнні Сінода, царк. хроніка. у другой — матэрыялы па багаслоўі. л-ры, фальклоры, этнаграфіі, археалогіі, краязнаўстве, гісторыі царквы. Выдаваліся «Литовские епархиальные ведомости» (1863—1916, Вільня, Масква), «Минские епархиальные ведомости» (1869—1917, Мінск, Разань; адноўлена ў 1989 у Мінску), «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1917, Віцебск), «Могилевские епархиальные ведомости» (1883—1917, Магілёў), «Гродненские епархиальные ведомости» (1901—15, Гродна).

т. 6, с. 391

ЕПІ́СКАП (грэч. epickopos літар. наглядальнік),

1) вышэйшы духоўны сан у праваслаўнай, каталіцкай, англіканскай і стараж.-ўсх. цэрквах. Кіраўнік царк.-адм. тэр. адзінкі — епархіі ці яго памочнік (вікарый у праваслаўі, суфраган у каталіцызме). Е. — кіраўнікі вялікіх епархій ці акругоў акруг* з некалькіх епархій могуць мець ганаровыя тытулы: архіепіскап, мітрапаліт, экзарх, патрыярх і інш. Паводле царк. дагматыкі Е. — носьбіт таінства свяшчэнства, толькі ён можа выконваць хіратонію (пасвячэнне) дыяканаў і святароў. Палажэнне аб Е. вызначаецца ў кожнай царкве адпаведнымі канонамі. Е. мае спец. знакі епіскапскай годнасці і асаблівае адзенне. У яго тытул звычайна ўваходзіць назва горада, дзе знаходзіцца кафедра. Пасвячаюць у Е. пажыццёва, пазбаўляюць сану ў выключных выпадках. У шэрагу пратэстанцкіх аб’яднанняў, напр. лютэранстве, пяцідзесятнікаў і інш., некаторыя вышэйшыя асобы таксама наз. Е., але ў іх гэта пасада не мае сакральнага сэнсу.

2) У Стараж. Грэцыі паліт. агент, якога Афіны пасылалі ў саюзныя дзяржавы для нагляду за выкананнем імі саюзных дагавораў.

т. 6, с. 392

ЕПІСКАПА́Т,

у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.

т. 6, с. 392

ЕПІФА́НІЙ СЛАВІНЕ́ЦКІ,

гл. Славінецкі Епіфаній.

т. 6, с. 392