суб’ектыўна-псіхалагічны кірунак у палітэканоміі. Сфарміравалася ў Аўстрыі ў 1870—80-х г. Заснавальнікі — К.Менгер, Э.Бём-Баверк, Ф.Візэр. Ідэі аўстрыйскай школы падзялялі У.Джэванс (Вялікабрытанія), Л.Вальрас (Швейцарыя), М.Туган-Бараноўскі і П.Струве (Расія), у 20 ст. развівалі Ф.Хаек і інш. Задачу палітэканоміі прадстаўнікі школы бачылі ў вывучэнні свядомасці суб’екта, які гаспадарыць ва ўсёй разнастайнасці яго вопыту. Паводле Бём-Баверка, карані эканам. з’яў — у адчуваннях суб’екта, у псіхал. матывах, што рэгулююць яго паводзіны. У якасці аб’екта даследавання выбіралася адна асобная гаспадарка як тыповы элемент рыначнай эканомікі. Ідэальным лічыўся ізаляваны ад грамадства індывід (гаспадарка Рабінзона; адсюль назва метаду даследавання — метад рабінзанад Аўстрыйская школа заклала асновы маржыналізму, увяла прынцып гранічнасці, які стаў універсальным і адкрыў шлях шырокаму выкарыстанню матэм. метадаў у эканам. навуцы. Цэнтр. месца ў канцэпцыях аўстрыйскай школы заняла тэорыя вартасці, названая гранічнай тэорыяй карыснасці. Прадстаўнікі аўстрыйскай школы распрацавалі таксама тэорыі прыбытку і працэнта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАВА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн.паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел.с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г.ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч.г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.
Адзін з навучальных карпусоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л МЕНШАВІКО́Ў»
(«БФМ»),
назва арг-цыі, прыдуманай у ліп. 1931 супрацоўнікамі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканам. развіцця Беларусі. Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—30. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся А.І.Шэйнін і І.Я.Герцык (дацэнты БДУ), І.М.Рубенчык (урач), В.Ф.Берман і І.Л.Гарміза (супрацоўнікі Белкаапсаюза). Ячэйкі «арг-цыі» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Нар. камісарыяце забеспячэння, фін. органах і спажывецкай кааперацыі БССР. Членам «БФМ» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэв. л-ры, антысав. прапаганды. Да крымін. адказнасці прыцягнута 30 чал., 11 з іх праходзілі і як чл.«Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Абвінавачванні грунтаваліся на паказаннях арыштаваных («прызналіся» 12 чал.) і сведак. Паводле рашэння Калегіі АДПУБССР ад 23.7.1931 прыгавораны 6 чал. да 10 гадоў, 9 — да 5 гадоў, 7 — да 3 гадоў лагераў, астатнія да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў. У 1957 усе чл. «БФМ» рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст.вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНГБРОК ((Bolingbroke) Генры Сент-Джон) (16.9.1678, Лондан — 12.12.1751),
англійскі дзярж. дзеяч, філосаф, публіцыст. Віконт (1712). Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1702). Чл. парламента з 1701, адзін з лідэраў торы. Ваен. міністр (1704—08), дзярж. сакратар (1710—14). Садзейнічаў заключэнню Утрэхцкага міру 1713. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1715 выехаў у Францыю пасля абвінавачванняў у змове на карысць Сцюартаў. Вярнуўся ў 1725 і ўзначаліў пазапарламенцкую апазіцыю ўрада вігаў.
Паводлефілас. поглядаў (сфарміраваліся пад уплывам эмпірызму і сенсуалізму Дж.Лока) Болінгброк прадстаўнік радыкальнага антыхрысц. кірунку ў англ. дэізме. Лічыцца першым англ. тэарэтыкам гіст. навукі. У працы «Пісьмы аб вывучэнні і карысці гісторыі» (1736—38: рус.пер. 1978) Болінгброк выкладаў філасофію гісторыі як навукі не як тэорыю гіст. працэсу, а як галіну ведаў, сферы духоўнай дзейнасці чалавека, з уключэннем у вобласць гістарычнага элементаў палітыкі, сацыялогіі, этыкі, права, этналогіі, рацыянальнай крытыкі біблейскай традыцыі. Прыроду ўлады прааналізаваў у творы «Ідэя пра Караля-Патрыёта» (1749).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводлеінш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭВІЯТУ́РА (італьян. abbreviatura ад лац. abbrevio скарачаю),
1) у мове — назоўнік, утвораны шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае часткамі. Абрэвіяцыя (утварэнне абрэвіятуры) як спосаб словаўтварэння пашырылася ў асн.еўрап. мовах на пач. 20 ст., у бел. мове — у 1920-я г. У сучаснай бел. мове паводле структуры вылучаюцца абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг); змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); з пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ).
2) У музыцы — сімволіка муз. тэксту (спец. знакі, літары, лічбы), якая служыць для спрашчэння або скарачэння нотнага пісьма. Абрэвіятуры спрашчэння абазначаюць паўтарэнне раздзелаў формы твора, элементаў муз. мовы, выканальніцкіх адценняў, паўз, перанясенне гукаў на актаву і больш уверх ці ўніз. Абрэвіятуру скарачэння выкарыстоўваюць у назвах муз. інструментаў, для пазначэння дынамічных і выразных адценняў, выканальніцкіх прыёмаў, а таксама ў назвах муз. тэм і твораў.