Плі́ска1, плісі́ца, плісі́чка, плі́сачка, плі́саўка, плі́шка, плі́скаўка, плі́стаўка, сліска́ха ’птушка з доўгім хвастом, сітаўка, Motacilla alba L.’ (ТСБМ, Гарэц., Мік., Маш., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Маг., Нас., ТС, Шат., Юрч. Вытв., Сцяшк. МГ; ЛА, 1); укр. пли́ска, бли́ска, рус. пли́ска, пли́сица, плисивка, пли́згавица: польск. pliszka, pliszczka, plistwa, pliskwa, pluszka, pluskwa, н.-луж. spliska, в.-луж. pliška, чэш., славац. pliska, blyska, bleska, blíska, bliskva, славен. plíska, plȋkavica, серб.-харв. пли̏ска, fliska, kliska, pliskuša. Прасл., відаць, *plisьka. Махэк₂ (460) мяркуе, што назва паходзіць з гукапераймання голасу птушкі pis‑pis; Скок (2, 684) бачыць тут вытворнае ад дзеяслова pliskati ’плёхацца ў вадзе’, гэтаксама Праабражэнскі, 2, 75, Младэнаў, 430, Струтынскі, Nazwy, 91, Голуб-Копечны (278) звязваюць назву птушкі з сівым, шэрым колерам; Фасмер (3, 283) лічыць роднасным са ст.-слав. плишть ’шум’, чэш. plišť, н.-луж. plišć ’плач’. Бел. плі́ссаўка — гэта кантамінаваная назва з плі́ска і сітаўка (літарат. назва пліскі). Гэтаксама пліскаўка, плістаўка.

Плі́ска2 ’пырска’, ’сляза’ (жытк., мазыр., Мат. Гом.), плі́скі ’пырскі’ (Сцяшк. Сл.; ТС). Да плі́скаць, пле́скаць (гл.).

Плі́ска3 ’раска’ (бяроз., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем пле́сня і плі́ска2 (гл.).

Плі́ска4 ’драбіны ў возе’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.). Да паплі́ска (гл.).

Плі́ска5 ’падшыўка (напр., у спадніцы)’ (мазыр., Шатал.). Да пліс2 (гл.).

Плі́ска6, плі́скі, пліскі́, пліскы́, плы́ска, плы́скы, плыскы́ ’грыб лісічка, Cantharella cibarius’ (беласт., кам., кобр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ; Бес.; кам., жабін., Сл. Брэс.), параўн. польск. дыял. pliska, pliszka ’тс’. З плі́ска ’птушка сітаўка’ > плі́саўка (гл.) — лісічкі названы паводле падабенства іх колеру з колерам жоўтых ці жоўтаспінных сітавак, параўн. літ. назвы лісічак: voveruškà — першаснае ’вавёрка’, gaidẽlis ’пеўнік’, чэш. kouřatko ’куранятка’. Этымалогія польскай назвы ў Тарнацкага — “od pliszki żółtej (Motacilla flava)” (Тарн., 58); гл. таксама Лабко (Бел.-польск. ізал., 70) пра сувязь з укр. дыял. плі́ска ’шапачка жолуда або арэха”, суадноснае з літ. pléiskanos ’лусачка скуры’; паводле Німчука (Давньорус., 246), аснова ўкраінскага слова звязана з (за)плішка < (за)плісчка ’невялікі драўляны клін’ ад (за)пліскити < (за)плісчити, гл. плішч, што малаверагодна. Махэк зыходзіць з першапачатковага *plucha ’луска’ (< і.-е. *plou‑sā, параўн. старажытнанардыйскае frosa ’скурка’), што ўрэшце дало б pljuska, параўн. палес. плюсы ’грыбы, падобныя на лісічкі’; яшчэ раней так Голуб-Копечны, якія ўзводзяць *plu‑cha да прасл. *pelva, з аблаўтам *pel‑u, што, на думку Гаўлавай (Etym. Brun., 1978, 23), найбольш праўдападобна, бо грыбы пакрыты лускавінкамі. Магчыма, але тады зыходная назва адносілася, хутчэй за ўсё, да іншых грыбоў, а не да лісічак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)