Пле́сня, пле́сінь, пле́сні, пле́сене ’мікраскапічны грыбок на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках, цвіль’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), плісна́ ’тс’ (Нас.), пле́сіньня, пле́сьнівыньня ’бросня, слізь, гніль’ (Бяльк.); пле́сня, плі́сня ’раска, Lemna minor L.’ (рагач., бяроз., ЛА, 1); пле́сневіць, плесня́віць ’пакрывацца плесняй’ (Нас.), пле́снець ’тс’ (ТС), пле́сневы, плесня́вы ’плесняваты’ (Нас.), плясні́вы, плясня́вы ’бела-руды (масць каня)’ (Сл. ПЗБ). Укр. плі́сень, плісня́ ’плесня’, плісо́нь ’расліна Mucor mucedo’; рус. пле́сень, плеснь, пле́снедь, пле́снядь ’плесня’, польск. pleśń ’бросня’, н.-луж. plěseń ’плесня’, pleś ’пена на піве’, в.-луж. plěsń, чэш. plíseň, славац. pleseň, славен. plẹ́sen, харв. plȉjesan, серб. пле̑сањ ’тс’; балг. плесен, магчыма, сюды ж макед. плесна ’лішай; плямка, крапінка’. Прасл. *plěsnь, роднасныя якому літ. pelė́ti, лат. pelêt ’плеснець, pelė̃siai ’плесня’, plė́kti ’тлець, плеснець’, лац. palleo ’станавіцца бледным’, аднаго кораня з рус. пелёсый (Міклашыч, 236, Траўтман, 212; Мацэнаўэр, LF, 13, 164; Фасмер, 3, 279). Склад *plě‑ паводле закона метатэзы плаўных узыходзіць да і.-е. *pel‑ (абазначае розныя бледныя колеры, Скок, 2, 683). Паводле Махэка₂ (460), прасл. *plesnь паходзіць з *plěk‑snь, у якім пазней ‑k‑ выпала (спрасцілася). Аналагічна Банькоўскі (2, 607) выводзіць прасл. *plěsnь < і.-е. *plēk‑sn‑is, якое з прыметніка *plēk‑sn‑os, параўн. літ. plėkas, звычайна plėkaĩ ’ясныя яркія плямы’ і з plė́kti ’пакрывацца яркімі плямамі’; самым блізкім фармальным літоўскім адпаведнікам прасл. *plěsnь з’яўляецца літ. plẽkšnė ’пляма’. Сной (453), Бязлай (3, 55) мяркуюць, што *plěsьnь (а не *plěsnь) утварылася пры дапамозе абстрактнага суфікса *‑ь ад прыметніка *plěsьnь (параўн. чак. plȉjesan ’плесневы’), які ўзыходзіць да *plěsъ, параўн. харв. plijes, славен. белакраньск. plẹ̑s ’плесня’, каш. ples ’тс’, ідэнтычныя літ. pol̃isiai (мн. л.) ’тс’, што ўзыходзіць да і.-е. *pel‑ ’шэры, сівы’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 26). Сюды ж плесь ’плесня’ (зах.-гом., ЛА, 4), відаць, як цвіль, бросьць (гл.). Вытворныя: добр. пля́сніца ’плесня, цвіль’, рагач. плясні́ўка ’вочка на гародніне’ (Мат. Гом.), плясні́вы ’які заплеснявеў і пасівеў’ (Варл.). Паводле Німчука (Давньорус., 289), формы на ‑ня і на ‑ен(ь) — у выніку аналогіі да слоў тыпу песня, восень і пад., каб пазбегнуць цяжкага для вымаўлення спалучэння зычных, што ў святле сказанага вышэй малаверагодна.