Трасагу́зка ‘белая сітаўка, пліска, Motacilla alba’ (навагр., Сл. ПЗБ), трасагу́ска, трясогу́ска ‘тс’ (кобр., лях., ЛА, 1), трасогу́зка (лун., стол., Ніканчук, Матеріали), скаж. трасогу́бка (жыт., петрык., там жа). Птушка названа паводле рэзкага пагойдвання яе хваста. Да трэ́сці (гл.) і гузка, тут ‘зад, задняя частка цела’, што да гуз1 (прасл. *gǫzъ/*guzъ), гл. Фасмер, 4, 113. Аналагічна ўтвораны славац. trasorítka (< ríť ‘задніца’), чэш. třasořitka (< řiť ‘тс’), укр. тряси́дупа (запазычана з польск., ЕСУМ, 5, 664). Назва рэдкая ў народнай мове, хутчэй за ўсё, пад уплывам рускай мовы, параўн. іншыя народныя назвы плі́ска, сі́таўка, трасу́шка (гарад., Сл. ПЗБ), стрыгу́ска (в-дзв., ЛА, 1; відаць, ад стрыгнуцъ ‘торгнуць’, гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)