Сі́ньдзік ‘сінічка’ (Янк. 1), сіндзік ‘тс’ (Янк. БП). Гукапераймальнае, ад крыку сінічкі зінь‑зінь або цінь‑цінь, параўн. ці́нькаць, ці́ньканне сіні́ц (ТСБМ). Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113) лічыць, што слав. *sinica — гэта ўвогуле назва птушкі па яе крыку, якая потым падверглася народна-этымалагічнаму асэнсаванню і была збліжана з сіні. Гл. сініца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бы́ля ’абы (быля́-што)’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.). Ст.-бел. быле ’абы’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. byle ’тс’ (< *by‑le, да дзеяслова *byti і частка ‑le, гл. Брукнер, 51; Слаўскі, 1, 53). Сюды і былі́ б ’толькі б’ (Нас.). Арашонкава (Бел.-польск. ізал., 11) лічыць, што бел. быле‑што́ запазычана прама з польск. byle co.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вальго́та ’ільгота’ (Касп., КТС); ’прыволле, раздолле’ (З нар. сл.). Рус. вольгота, вольготный лічыцца прэфіксальным утварэннем ад льгота < льга ’свабода, лёгкасць’ (Шанскі, 1, В, 154–155). Гэта версія выклікае сумненне, бо прэфікс в‑ звычайна спалучаецца з дзеяслоўнымі асновамі. Больш верагодным трэба лічыць вальгота вынікам кантамінацыі ільгота і вольны; якраз гэтыя значэнні былі ўласцівы ст.-рус. льга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вахля́ць ’ляпіць, мазаць; рабіць што-небудзь на скорую руку’ (Нас.), рус. вахля́ть ’халтурыць, рабіць нядбайна’. Сюды адносяцца вахля́к ’слабасільны чалавек, вялы работнік’ (Нас.), вахля́й ’вялы, непаваротлівы чалавек’ (Нас.), рус. вахля́й. Далей сюды, бясспрэчна, адносіцца вахла́к ’вахлак’ (БРС); ’брудны, неахайны чалавек’ (КЭС), рус. вахла́к, вахляк ’дурань, нязграбны чалавек’. Фасмер (1, 280) лічыць рус. словы няяснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арга́н (БРС), арга́ны (Нас., Касп.). Рус., укр. орган. Ст.-слав. оръганъ з грэч. ὄργᾰνον (Саднік-Айцэтмюлер, HdWb, 77). Ст.-рус. органъ, органи (XI–XVI ст.), пазней тлумачыцца ў Бярынды, 225, таму можна лічыць, што ст.-бел. арганы (Шакун, Гісторыя, 106) працяг ст.-рус. органы, а сучаснае беларускае — працяг старабеларускага. Аб форме варган гл. варганіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́нна — малітвенны выгук. Сустракаецца ў канцы XVI ст. (Гіст. мовы, 1, 223; Жураўскі, Працы IM, 7, 218–219, 224). Ст.-рус. з XIII ст. Таму слова трэба лічыць працягам старарускага, а не вынікам пазнейшага рускага ўплыву (як Крукоўскі, Уплыў, 74) з ст.-слав. осанна < грэч. ὡσαννά < ст.-яўр. hōšanā ’дапамажы ж’ (Фасмер, 3, 156).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блэ́ндаць ’бадзяцца’, блэ́нда ’валацуга’. Гл. блы́ндаць ’тс’. Лічыцца запазычаннем з балт. моў. Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 50 і V (2), 1969, 160), праўда, указаў адначасова і на няпэўнасць балтыйскай этымалогіі. Сапраўды, мы маем для бел. мовы дакладную адпаведнасць ва ўкр. дыял. бле́ндати, пле́ндати ’бадзяцца’, якое Рыхардт (Poln., 35) лічыць запазычаннем з польск. blędzieć, błą̃dzić.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бра́згаць, бра́зґаць ’стукаць, брынчаць’, таксама бра́зкаць. Рус. бря́згаць, укр. бря́зкати. Паводле Рудніцкага, 227, утварэнне ад выклічніка брязь! (гукапераймальнае). Фасмер (1, 225) лічыць роднасным з літ. breñgsti, brenzgiù ’загучаць, застукаць’. Параўн. Буга, РФВ, 70, 102. Траўтман (37) слав. bręzgъ і літ. формы выводзіць з балт.-слав. *brenzg‑. Сюды ж бел. бра́знуць ’стукнуць’, бра́знуцца ’ўпасці’ (bręzgnǫ‑ti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)