куры́ць, куру, курыш, курыць; незак., што.
1. а таксама без дап. Удыхаць і выдыхаць дым якога‑н. рэчыва, пераважна тытуню. Ён ведае, што пісаравы папяросы даражэйшыя, хоць распазнаць гэта сваім уласным смакам не можа, бо старшыня не курэц, а курыць толькі пры выкананні старшынскіх абавязкаў для большай саліднасці і важнасці. Колас. / Пра папяросы, люльку і пад. Курыць цыгарку. Курыць люльку. // без дап. Быць курцом, ужываць тытунь для курэння. [Лаўрэн] дастаў сваю вялікую люльку, пачаў набіваць яе самасадам ды такім, што Паўленка, які не курыў, пачаў чхаць. Шамякін.
2. а таксама чым. Спальваць спецыяльныя рэчывы для атрымання пахучага дыму. Курыць ладанам.
•••
Курыць фіміям — лісліва ўсхваляць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дасто́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які заслугоўвае чаго‑н., варты чаго‑н. Дастойны павагі. □ Сляпнёў і Каманін і Молакаў хмуры! Дастойны вы песень вялікіх паэтаў. Колас. Быць дастойным Справы камуністаў — Піянерскі І закон і звычай. Шушкевіч.
2. Які адпавядае ўсім запатрабаванням, зусім падыходзіць. Дастойная змена. □ Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. Колас. / у знач. наз. дасто́йны, ‑ага, м.; дасто́йная, ‑ай, ж. Дэпутат... Народ вылучае на гэтую пасаду дзяржаўнага дзеяча толькі самых дастойных. «Маладосць».
3. Заслужаны, справядлівы. Дастойная кара. Дастойная ўзнагарода. Дастойная сустрэча.
4. Паважаны, заслужаны. Тапурыя быў мёртвы, ён ляжаў з прабітай галавой, гэты дастойны і смелы чалавек, роўных якому мала бывае на свеце. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак.
1. чаго. Нассоўваць у адно месца нейкую колькасць чаго‑н. Насунуць кучу лісця. □ З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, які, спяшаючыся, рабілі ўчора вечарам, насунуўшы лапатамі жвіру. Пташнікаў.
2. што. Закрыць, засланіць чым‑н. каго‑, што‑н. Хлопцы селі [у самалёт]. Лётчык насунуў над імі цэлулойдны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў. Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. Вера нічога не адказала, толькі ніжэй насунула хустку на вочы. Федасеенка.
3. што. Разм. Надзець, уссунуць на што‑н. [Гаспадар] насунуў на ногі апоркі і выйшаў з-за шырмы. Лупсякоў. Сын неахвотна ўзняўся, насунуў шлем, апрануў новы д[о]ўгі кажух і пайшоў. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.
1. Зрабіць узаемныя грашовыя разлікі; шчодра разлічыцца. За працу і насенне я не палічуся — свае людзі. Сіўцоў.
2. перан. Адпомсціць, адплаціць каму‑н.; паквітацца за што‑н. Уваходзіць Чыбук.. Упіраецца позіркам ў Адзінцова. А, ваша благароддзе! Ну, прыйшла чарга палічыцца! Мележ.
3. Прыняць у разлік каго‑, што‑н.; ўлічыць. — Нельга ж быць такім, — нарэшце скаваў бацька. — Табе не падабаецца [елка], але ж ты павінен палічыцца з сястрой. Мяжэвіч. — Усё тут шыта белымі ніткамі, усё пабудована на домыслах і галаслоўных даносах агентаў. Даказаць гэта на судзе будзе лягчэй лёгкага. Але наўрад ці прыме суд пад увагу нашы доказы і палічыцца з імі. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папярэ́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які быў раней чаго‑н., знаходзіўся непасрэдна перад чым‑н. Гэтыя дні самастойнага жыцця надалі.. [людзям] вопыту больш за ўсе папярэднія гады. Маўр. У паветры яшчэ стаяла рэха папярэдняга ўдару, а ўжо раздаваўся новы. Васілёнак. // у знач. наз. папярэ́дняе, ‑яга, н. [Дзімін:] — З Кашыным пагутарым на бюро, дарэчы, і пра папярэдняе напомнім. Карпаў.
2. Які папярэднічае чаму‑н. асноўнаму, галоўнаму, які бывае перад чым‑н. Першыя пяць дзён былі прысвечаны папярэднім гульням у дзвюх падгрупах. «Звязда». // Такі, які можа быць зменены, перагледжаны; неканчатковы. Папярэднія падлікі. □ Паходня падзяліўся з Янукевічам сваімі папярэднімі планамі. Хадкевіч.
3. Такі, які робіцца, праводзіцца загадзя. Папярэдні продаж білетаў. Стол папярэдніх заказаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плюс 1, ‑а, м.
1. Матэматычны знак у выглядзе крыжыка (+), які ставіцца паміж лічбамі для абазначэння складання. Два плюс два будзе чатыры. // Такі ж знак перад лічбай для вызначэння таго, што лічба гэтая дадатная, г. зн. большая, чым нуль. Тэмпература паветра плюс дзесяць градусаў.
2. Крыжык, які ставіцца пры школьнай ацэнцы і абазначае некаторае перавышэнне яе. Чатыры з плюсам.
3. у знач. нязм. Акрамя таго, з дабаўленнем. Дэвіз павінен быць такі: «Вучоба плюс праца!» «Звязда».
4. перан. Дадатны бок, перавага. — Калі ім [сялянам] ўдасца зямлі не даць [Пілацееву], гэта будзе велізарнейшым плюсам у палітычным расце сялянства. Галавач.
[Ад лац. plus — больш.]
плюс 2, ‑у, м.
Спец. Тое, што і кумач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.
1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.
2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. у што, чым. Забруджваць, вымазваць. Калі скажа [маці] Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Бядуля. [Агата] выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Чорны.
2. і без дап. Разм. Рабіць што‑н. няўмела, неахайна, брудна (пераважна маляваць, пісаць). — Але ж Платон і фарбы набыў не для забавы. Хіба прыемна, калі імі не малююць, а пэцкаюць, — з рэзкасцю адбіў напад Сандро. М. Ткачоў.
•••
Пэцкаць рукі аб каго, аб што — быць замешаным у што‑н. непрыстойнае, нізкае, звязвацца з кім‑н. [Васька:] — Мы заб’ём.. [інжынера]. Вы, старыя, не хочаце пэцкаць аб яго свае рукі, дык мы прыбяром яго. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.
Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.
•••
Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.
Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́нкцыя, ‑і, ж.
1. Зацвярджэнне вышэйшай інстанцыяй якога‑н. акта, што надае яму прававую сілу; прызнанне законнасці якой‑н. з’явы. Ніхто не можа быць падвергнуты арышту інакш як па пастанове суда або з санкцыі пракурора. Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР. Увечары, маючы санкцыю на высяленне, .. [домакіраўнік] прыйшоў разам з міліцыянерам. Скрыган. // Кніжн. Адабрэнне чаго‑н., дазвол на што‑н. Конюху Міхалю Слагадзе — выдаваць коней і калёсы для перавозкі камення без санкцыі брыгадзіра, па першаму патрабаванню зборшчыкаў. Сергіевіч.
2. Мера ўздзеяння за парушэнне закона. Санкцыі суда за хабарніцтва.
3. У міжнародным праве — мера ўздзеяння ў адносінах да дзяржавы, якая парушае свае абавязацельствы, дагаворы. Эканамічныя санкцыі. Ваенныя санкцыі.
[Ад лац. sanctio — строгая пастанова.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)