«Гэй, каб нам быць весялей» (ананімны твор) 1/316

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛА,

князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Пра яго сведчыць імя па бацьку Усяслава Мікуліча, лагожскага (лагойскага) князя ў 1180. Даследчыкі мяркуюць, што М. мог быць сынам ізяслаўскага (заслаўскага) кн. Валодшы і валодаць удзелам у Ізяслаўскім (Заслаўскім) княстве (А.​М.​Рапаў) або быць сынам мінскага кн. Глеба Усяславіча (В.​Л.​Насевіч). На думку Э.​М.​Загарульскага, М. мог быць сынам не названага па імю брата лагожскага кн. Брачыслава, сынам ці ўнукам Глеба Усяславіча або гэта хрысціянскае імя Усевалада Глебавіча.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,

адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІК,

лік, які можа быць выражаны як дзель двух цэлых лікаў. Кожны Р.л. выражаецца канечным дзесятковым дробам ці бясконцым перыядычным дробам.

Для Р.л. натуральным чынам вызначаны аперацыі складання, адымання, множання і дзялення (акрамя дзялення на 0), г.зн., што мноства Р.л. утварае алг. поле (гл. Поле ў матэматыцы). Поле Р.л. — найменшае поле, якое ўтрымлівае ўсе цэлыя лікі. Кожны ірацыянальны лік можа быць размешчаны паміж двума Р.Л. (значэнні па недахопу і па лішку), рознасць паміж якімі можа быць як пажадана малой. Гл. таксама Дроб у арыфметыцы.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РНШАЎ ТЭАРЭ́МА,

адна з асн. тэарэм электрастатыкі, паводле якой сістэма нерухомых засяроджаных (кропкавых) зарадаў, што знаходзяцца на канечных адлегласцях адзін ад аднаго, не можа быць устойлівай. Сфармулявана англ. вучоным С.​Ірншаў (1839). З І.т. вынікае, што атам павінен быць дынамічнай сістэмай (не можа складацца з нерухомых зарадаў).

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЭ́ННЕ,

у цывільным праве пагадненне, паводле якога адзін бок перадае бязвыплатна другому боку маёмасць ва ўласнасць. Дагавор Д. лічыцца заключаным у момант перадачы маёмасці. Д. грамадзянамі маёмасці арганізацыям можа быць абумоўлена выкарыстаннем гэтай маёмасці для пэўнай грамадскай карыснай мэты. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор Д. на суму больш за 50 мінімальных зарплат і дагавор Д. валютных каштоўнасцей на суму больш за 10 мінімальных зарплат павінны быць натарыяльна засведчаны. Дагавор Д. грамадзянамі маёмасці арг-цыям заключаецца ў простай пісьмовай форме. Дагавор Д. жылога дома павінен быць натарыяльна засведчаны і зарэгістраваны ў выканаўчым к-це адпаведнага мясц. Савета дэпутатаў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАМЕ́ННЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, незамяшчальныя прыродныя рэсурсы,

прыродныя рэсурсы, якія ніколі не могуць быць заменены іншымі. Да Н.п.р. адносяцца віды жывога, асяроддзеўтваральныя ўмовы існавання людзей (напр., кісларод паветра, чыстая прэсная вада) і інш. У адрозненне ад іх, заменныя прыродныя рэсурсы могуць быць заменены цяпер ці з навук.-тэхн. развіццём (напр., металы — пластмасай, мінер. паліва — гідраэнергіяй, ветравой, сонечнай, атамнай энергіяй).

т. 11, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬЗЕН ((Kelsen) Ганс) (11.10.1881, Прага — 19.4.1973),

аўстрыйскі юрыст, адзін з заснавальнікаў нарматывізму ў праве. Праф. Венскага (1919—29), Кёльнскага (1930—33), Жэнеўскага (1933—40), Каліфарнійскага (з 1942) ун-таў. Лічыў, што юрыд. навука павінна быць поўнасцю незалежнай ад сац.-паліт. і эканам. абумоўленасці права; яе аб’ектам павінны быць права ў «чыстым» выглядзе, уласна прававая форма, нарматыўныя акты. Яго школу часам называюць «чыстай тэорыяй права».

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́НЕРА ЗАКО́НЫ ЭКАЛО́ГІІ,

чатыры законы, сфармуляваныя амер. эколагам Б.​Камонерам (1974): 1-ы закон — усё звязана з усім — звяртае ўвагу на ўсеагульную сувязь працэсаў і з’яў у прыродзе; 2-і — усё павінна куды-небудзь дзецца — перафразуе фундаментальны фіз. закон захавання матэрыі, у дачыненні да прыкладной экалогіі вызначае праблему асіміляцыі біясферай адходаў чалавечай цывілізацыі; 3-і закон — прырода «ведае» лепш — заклікае да асцярожнасці ў карыстанні прыроднымі экасістэмамі; 4-ы — нішто не даецца дарма — аб’ядноўвае ў сабе 3 папярэднія законы. У гэтых законах аўтар уяўляе глабальную экасістэму як адзінае цэлае, у рамках якой нічога не можа быць выйграна ці страчана і якая не можа быць аб’ектам усеагульнага паляпшэння; усё, што было здабыта з яе чалавечай працай, павінна быць вернута.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)