Пу́тны1 ’талковы, разумны, здатны, кемлівы’ (ТСБМ; Ян.; Сл. ПЗБ; стаўб., Нар. сл.; гом., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ’спраўны, слушны, выгодны’ (Нас., Яруш.), ’разважлівы’ (жлоб., Мат. Гом.), ’варты, каштоўны, добры’ (ТС), пу́тній ’здольны, спраўны’ (Юрч. Фраз., 1), сюды ж пу́тна ’слушна, добра, дарэчы’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.), путне́й ’талковей, ясней’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’зручней, лепш’ (чач., Мат. Гом.), параўн. укр. пу́тній ’талковы, прыстойны, слушны’, рус. пу́тный ’разумны, спраўны, прыстойны, карысны’, польск. pątny ’падарожны’, чэш. poutní ’вандроўны, багамольны’, в.-луж. pućni ’дарожны’, славен. póten ’падарожны, дарожны’, серб.-харв. путни ’тс’, балг. пъ́тен ’тс’, макед. патен ’тс’. Да *putь ’шлях, дарога’ (гл. пуць), усходнеславянская семантычная інавацыя ’разумны, талковы’ на базе ўтварэнняў тыпу рус. путём ’так, як трэба’ (Мяркулава, Этимология–1986–1987, 145), фразеалагічных спалучэнняў без пуця́ ’бязладна, неразумна’ (Нас.), параўн. бяспу́тны ’непрыстойны, распусны’, з чаго выводзяць значэнне ’лад, парадак; толк, розум’, пуцьцё ’дабро’ (Бяльк.); параўн., аднак, серб. пу̏тан ’правільны, справядлівы, разумны’ (Вук), якое можа разглядацца як русізм. Грынавяцкене і інш. (LKK, 16, 187) у ашм. пу́ць ’галава, розум’ (о́семьдзесяць ма́іць, а пу́цю маіць) бачаць запазычанне з літ. pùtė ’курыца’, перан. ’разуменне’, што вельмі сумнеўна, гл. таксама пуціць, пуццё і пад.

Пу́тны2 ў спалучэннях тыпу ст.-бел. путный слуга ’слуга пры каралеўскім двары; чыноўнік, які выконваў розныя даручэнні’ (Ст.-бел. лексікон), путные бояры і пад. Ад пуць, параўн. ст.-бел. путь ’паход; дарога’ і польск. służka putny ’ў ВКЛ чалавек, які быў пасыльным’; паводле Карскага (1, 282), узыходзіць да ст.-слав. путьнъ у выніку зацвярдзення зычнага т перад суфіксам ‑ьн‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рад1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сак1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́лька1 ’маток пражы або нітак рознай велічыні’ (ТСБМ), ’маток нітак для вышывання’ (лях., Янк. Мат.; кобр., Жыв. сл.), ’тонка спрадзеныя ніткі’ (Нас., Касп.; чэрв., Нар. лекс.), ’самая тонкая пража’ (ТС, ЛА, 4), ’танюсенькая нітка, што пралі ў часы прыгону для двара’ (Варл.), ’фабрычныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Шат.; ЛА, 4), ’патаўшчэнне і патанчэнне на нітцы’ (баран., пух., івац., ЛА, 4), ’маленькі маточак вышывальных нітак’ (лях., Янк. Мат.), ’няроўна спрадзеныя ніткі’ (Сл. ПЗБ, Жд. 1), ’стоненая частка ніткі’ (івац., Нар. сл.), ’матавіла’ (Жд. 1), ’кужэльнае палатно’ (бых., слаўг., мсцісл., краснап., узд., клец., ЛА, 4), ’маток з дваццаці пасмаў тонкіх нітак’ (Сл. ПЗБ), ’маток нітак пэўнай меры’ (Ласт., Стан.), сюды ж ста́лька ’тонкая пража’ (пін., ЛА, 4). Укр. та́лька ’маток пражы, нітак’, дыял. ’шэрая нітка, з якой вырабляюць невад’, рус. та́лька ’матавіла; 10 пучкоў пражы’, польск. talka, tala, tal(e)k ’маток пражы’, каш. tal ’тс’. Паводле Фалінскай (Бел.-польск. ізал., 138, 141), запазычана з ням. прус. Tall ’маток пражы’, што, мажліва, з с.-н.-ням. tallige ’мера льняной пражы’ < іт. taglia ’зарубка; падатак’ (Фасмер, 4, 16; Трубачоў, Ремесл. терм., 104). Памылкова Горбач (Зах.-пол. гов., 55) выводзіць з (мо)талька, відаць, ад мотатні ’матаць’.

Та́лька2 ’кароткая жаночая вопратка з саматканага сукна’ (Ян.). Гл. талік.

Та́лька3 ’зараснік вярбы размарыналістай’ (рэч., Расл. св.). Укр. тал, та́льник ’вярба, вербалоз’, рус. тач, тали́на, тальни́к ’вярба Salix arenaria’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат., караім. tal ’вярба, вербалоз’ (Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 506). З-за адзінкавай фіксацыі, відаць, запазычана праз украінскую або рускую мову. Спробы звязаць з талакнянка (гл.) у Штэйнгольд, Этимология–1994–1996, 139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́н1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н2 ’старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэй займ. м. р. адз. л. Н. скл. ‘той’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат., ПСл, Варл.; в.-дзв. Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом.): тэй хозяин як жив, так и живе́ць (маг., Рам. 4); ‘замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным’ (Нас.): тэй, што казали ‘чорт’ (Растарг.); займ. ж. р. адз. л. Р, Тв., М. скл. ‘той, тае’ (Нас., Некр. і Байк.): тэй каровы тут німа (Варл.). Форма тэй фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XVI ст. (КГС), да прасл. *tъjь. Пра рэгіянальны рэфлекс э з ъ гл. у Карскага (Карскі 1, 154–157, 194, 235). Адносна фанетычнага развіцця выказваецца думка пра яго позні характар (там жа, 156) і сувязь з адпаведнымі з’явамі ў прыметнікавых формах, параўн. паўн.-ўсх. злэй, друге́й і інш. Параўн., аднак, факты, адзначаныя ў берасцяных граматах Залізняком (Сов. сл., X, 168), пра паралельнае існаванне рэфлексаў ‑ый, ‑эй і ‑ой на месцы *‑ъjь з некаторай перавагай заходняга рэфлекса ‑ый. Паралельнае ўжыванне формаў тэй, тып, ту͡ой у беларускіх гаворках канстатаваў Карскі (2–3, 194), як і ўзнікненне формаў ускосных склонаў ж. р. тэй па аналогіі з тае́й і формай м. р. тэй (там жа, 196). Марфалагічнае тлумачэнне для названай формы прапанаваў Ільінскі (Запіскі, 2, 280–281), гл. таксама Бузук, Sb. prací, 463; тое ж: Бел. мовазн. слав., 25–26. Меркаванне пра польскае запазычанне (Сабалеўскі, ЖМНП, 251, 137–143) не прымальнае з-за шырокага распаўсюджання названай формы на ўсходнеславянскай тэрыторыі. Сюды ж тэ́іць ‘тыя’ (гл.) тэ́е ‘тое’, тэ́й жэ ‘той жа’, тэй‑сей ‘хто-небудзь, хтосьці’ (Нас., Бяльк.), тей ‘той’ (Шымк. Собр.). Гл. той, тый.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́ншы ’другі’, ’які-н., некаторы’ (ТСБМ), і́нны (Нас., Шат., Жд. 3; крыч., Жыв. сл., 130). Рус. ино́й, дыял. и́ный, и́нный, и́нший, укр. і́нший, дыял. и́ний, польск. inny, inszy, в.-луж. уст. jiny, н.-луж. уст. jiny, hyny, чэш. jiný, дыял. jinší, славац. iný, inší, славен. in, серб.-харв. и̏н, балг. ин, и́ный. Ст.-слав. инъ ’некаторы’, ’другі’, ст.-рус. инъ, иныи, инъшии ’тс’, ст.-бел. инший, ин, иный ’тс’. Прасл. *jьnъ/*inъ роднаснае літ. víenas, лат. viêns, ст.-прус. ains, ст.-лац. oinos, лац. unus ’адзін’, грэч. οἶνος, οἴνη ’адно ачко на ігральнай косці’, гоц. ains, ст.-ірл. ōen, ст.-в.-ням. ein ’адзін’; сюды ж, відаць, літ. ìnas ’сапраўдны’, якое, аднак, трактуецца неадназначна; узыходзіць да і.-е. *oi̯no‑/*ei̯no‑ ’адзін’; параўн. ст.-слав. инокъ, иноходь, иночѧдь, инорогъ, серб.-харв. ино̀косан ’адзінокі’, захаваўшыя зыходную семантыку. Семантычная трансфармацыя ’адзін’ → ’другі’ адбылася праз семантычнае звяно ’некаторы, нейкі’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 233–234 (з літ-рай); Фасмер, 2, 134–135; Шанскі, 2, I, 81–82; Слаўскі, 1, 460–462; Махэк₂, 227; Безлай, 1, 211; Покарны, 1, 286. Іншыя этымалагічныя прапановы малапераканаўчыя. Міклашыч (96), а затым Мейе (Études, 159, 433) адрознівалі jьnъ ’адзін’ і inъ ’іншы’, прычым апошняе Мейе звязваў са ст.-інд. anyás ’іншы’. Остэн–Сакен (JF, 33, 1914, 271) параўноўваў з грэч. ἐ‑κεῑνος, лац. e‑quidem ’вядома, сапраўды’. Бернекер (1, 432) звязваў з займеннікам i‑ ў грэч. ἴα ’адна’, ἰός ’адзін, той’. Хірт (РВВ, 23, 1898, 333) бачыў у славянскім слове запазычанне з гоц. ains. Форма іншы ўтворана суфіксам вышэйшай ступені ‑šy (Слаўскі, 1, 463–464). Адсюль дзеяслоў и́ншыць, инше́ць (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуць1 ’дарога, шлях’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Сл. ПЗБ), ’чыгунка’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ)’, ’пуцявіна, пуціна, жыццёвы шлях’ (ТС, Сл. ПЗБ), а таксама пуць, ж. р. пуця́ (Янк. 2, Сл. ПЗБ), ст.-бел. путь ’паход; дарога’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж пуці́на, пуцяві́на ’дарога’ (Яруш.), пуці́нка ’сцежка’ (барыс., Шн. 2), укр. путь ’шлях, дарога’, рус. путь, польск. pąć ’падарожжа, дарога’, чэш. pouť ’багамольства, пяльгрымка’, славац. púť ’праход, шлях’, в.-луж. puć, н.-луж. puś ’дарога, чыгунка; падарожжа’, палаб. pǫt ’дарога’, славен. pọ́t ’шлях, дарога’, серб.-харв. пу̑т, балг. път, макед. пат. Прасл. *pǫtь ’шлях, дарога’ звязана з асновай і.-е. *pent‑ ’ступаць, ісці, знаходзіць’ і суадносіцца з назвамі дарог ад кораня *pont‑/pṇt‑: ст.-інд. pánthāh, грэч. πόντος ’марскі шлях, мора’, πάτος ’сцежка’, лац. pons ’гаць, мост’, ст.-в.-ням. pfad ’сцежка’, з іншым вакалізмам прус. pintis ’шлях’ (Фасмер, 3, 413; Скок, 3, 86–87; Шустар-Шэўц, 2, 1187; Глухак, 513; Сной, 477; Чарных, 2, 85 і інш.).

Пуць2 ’лад, парадак, мера’ (Нас.), ’толк, розум’ (Ян.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’памяць’ (паст., шальч., шчуч., Сл. ПЗБ), ’дабро’: ні будзіць зь цібе пуці (Бяльк.), сюды ж пуця́чы ’варты, каштоўны, добры’ (Бяльк., Ян.), пу́тны ’талковы’ (гл.), параўн. укр. путня́ ’шлях; толк’, рус. без путя́ ’без толку, дарэмна, без прычыны, карысці’. Утворана на базе пераноснага ўжывання пуць ’дарога; жыццёвы шлях’, г. зн. ’правільны шлях’ у выніку пераасэнсавання пад уплывам фразеалагізмаў і выразаў тыпу пуця ни въ чомь не знаешь, безъ пуця сваволитъ (Нас.), бяспу́тны, непуцёвы і пад.; меркаванне Грынавяцкене і інш. пра запазычанне з літ. pùtė ’курыца’; перан. ’разуменне’ (LKK, 16, 187), паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)