Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́страб, ‑а, м.

Драпежная птушка сямейства ястрабіных з кароткай кручкаватай дзюбай і доўгімі вострымі кіпцюрамі, якая водзіцца ў лясах розных частак свету. У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. Я бачыў, як ястраб галубку забіў. Купала.

ястрабі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ястраба. Ястрабінае пер’е. Ястрабінае гняздо.

2. Які ажыццяўляецца з дапамогай ястраба. Ястрабінае паляванне.

3. Такі, як у ястраба, уласцівы ястрабу; драпежны. Які змрочны твар у млынара Паківача. Як глядзяць на папа ягоныя ястрабіныя вочы. Караткевіч. У жанчыны з вёскі Ястрабень ёсць у смуглявым твары нешта ястрабінае — карыя праніклівыя вочы, кручкаваты тонкі нос, рэзкія рысы твару, жорсткія, скупыя губы. В. Вольскі.

4. у знач. наз. ястрабі́ныя, ‑ых. Сямейства птушак атрада драпежных, да якога адносяцца каршун, ястраб, арол і інш.

ястрабо́к 1, ‑бка, м.

1. Памянш. да ястраб.

2. Разм. Савецкі самалёт-знішчальнік. Росцік яшчэ доўга ўглядаўся ў неба, але яму так і не давялося больш убачыць маленькага савецкага ястрабка. «Маладосць».

ястрабо́к 2, ‑бку, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных. Ястрабок лугавы. Ястрабок парасоністы.

ястрабяня́ і ястрабянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня ястраба.

ястрабя́тнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца паляваннем з дапамогаю прыручаных ястрабаў.

ясты́к, ‑а, м.

Ікра, вынятая з асятровых і часцікавых рыб, разам з плеўкай, якая яе акружае. // Плеўка ад ікры.

[Цюрк.]

ясты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ястыка, прыгатаваны з ястыка.

•••

Ястычная ікра — салёная ікра з тлушчавымі праслойкамі і злучальнай тканкай.