Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́сна,

1. Прысл. да ясны.

2. безас. у знач. вык. Пра добрую бясхмарную пагоду. На небе было ясна. Чарнышэвіч. Хмары яшчэ больш разышліся на небе, вадзяны пыл апаў, стала зусім ясна. Лупсякоў. Едзе восень на рабым кані, Тут дажджы ліюць, а тут і ясна. Астрэйка. // Пра наяўнасць дзе‑н. святла; празрыста, светла. Кусты і трава.. слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Тут было ціха, ясна і радасна. Самуйлёнак.

3. безас. у знач. вык. Зразумела, відавочна. Усё было ясна. Усё акрэслена. Усё безумоўна. Ні сумненняў, ні мрояў, ні дзіўных сноў... Кірэенка. // Пра здольнасць лагічна, свядома мысліць, успрымаць што‑н. На душы было светла, у галаве ўсё ясна. Ермаловіч.

4. у знач. пабочн. Несумненна, безумоўна, вядома. І куды ж Андрэй Шэмет можа ісці на Устроні? Ну ясна, у райком. Лобан.

ясна...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «ясны» (у 1 знач.), напрыклад: яснавокі, ясназорны.

яснаба́чанне, ‑я, н.

Паводле містычных уяўленняў — цудадзейная, незвычайная здольнасць прадбачыць, распазнаваць будучае і з’явы, якія недаступны ўспрыманню звычайнага чалавека.

яснаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З яснымі, светлымі вачамі. Спі, засні, мой голуб яснавокі. Вялюгін. / у перан. ужыв. Во з-за лёгкай, празрыстай хмарынкі Яснавокае сонца зірнула. Журба.

яснавяльмо́жнасць, ‑і, ж.

Гіст. Тытулаванне польскіх паноў і ўкраінскіх гетманаў (ужывалася з займеннікамі ваша, яго, яе, іх).

яснавяльмо́жны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Форма ганарова-пачцівага называння польскіх паноў і ўкраінскіх гетманаў. Умеюць гнуць, сціскаць і трэсці Яснавяльможныя паны. Колас. // у знач. наз. яснавяльмо́жны, ‑ага, м. Польскі пан ці ўкраінскі гетман. Людзі голасам галасілі ад панскай ласкі. Шукалі дзе якую ўправу на яснавяльможнага. Сабаленка.

я́снасць 1, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан яснага; ясната. Яснасць неба. Яснасць позірку. Яснасць гуку. □ У вясковай сіняватай яснасці ярка відаць былі палі. Асіпенка. Новы дзень настаў, але яснасці ў сям’ю Вішнёвых ён не прынёс. Грамовіч. Твае мне любы месячныя ночы І яснасць зор, што свецяць над табой. Журба.

•••

Унесці яснасць гл. унесці.

я́снасць 2, ‑і, ж.

Уст. Тое, што і светласць ​2.

ясната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.

Уласцівасць і стан яснага; яснасць ​1. Белы мармур Аж вочы слепіць яснатой. Панчанка.

ясне́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца ясным, светлым; праясняцца. [Воблакі] пачынаюць дзяліцца, яснець, кучаравіцца і выплываюць з-за далягляду, як каравелы. Карпаў. Неба спакваля яснела. Мележ. / у безас. ужыв. На ўсходзе ўжо яснела. // Станавіцца больш лагічным, дакладным. Думкі цяпер у яе [жанчыны] пачалі яснець. Чорны. // Станавіцца радасным, незасмучаным. Твар у старшыні яснее, у вачах паяўляецца ўсмешка. Палтаран. Твой смех звінеў, Яснеў погляд Вясновы, Як вішнёвы цвет... Барадулін.

2. Вылучацца сярод чаго‑н.; віднецца. Толькі на ўскраіне, у вузкім акенцы аднаго з дамоў, жоўтай плямай яснела шыба. Самуйлёнак.

ясно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Абл. Ясната. Чайка імчыць да ясноты. Глебка. Над раённым гарадком, .. стаяла ціхая, пагодлівая вераснёўская ясната. Ракітны. Праз воблачнасць сям-там цадзілася яснота, а месцамі нават праступаў блакіт. Калодзежны.