Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

урэгулява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. урэгуляваць.

урэгулява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад урэгуляваць.

урэгулява́цца, ‑люецца; зак.

Стаць урэгуляваным, поўнасцю ўладзіцца.

урэгулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Поўнасцю ўладзіць якія‑н. пытанні. Урэгуляваць канфлікт. Урэгуляваць цэны.

урэ́з, ‑а, м.

Абл. Абрэз (у 1 знач.). Папаўся, браце Міхась, не дасталі твайго сэрца ні кулі варожыя, ні ўрэзы бандыцкія, а завалодалі табой.. дзявочыя вочы чорныя. Лынькоў.

урэ́зак, ‑зка, м.

Разм. Тое, што і абрэз (у 1 знач.). Міцеў тайны ведаюць. Там урэзак і вінтоўка. Навуменка.

урэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад урэзаць (у 1–3 знач.).

урэ́зацца, урэжуся, урэжашся, урэжацца; зак.

1. Увайсці, уваткнуцца ў што‑н. вострым, вузкім канцом. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Кірэенка. // Рэжучы, уклініцца ў што‑н. З вострава выйшла жняярка, прайшла ўздоўж лесу, завярнулася і ўрэзалася сваімі вострымі зубамі ў залацісты аўсяны лес. Сташэўскі. // Глыбока ўесціся, упіцца. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Каршукоў расшпіліў яго. Асіпенка. [Чалавек] хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. Гарэцкі. // перан. Удацца, уклініцца вузкай палосай у што‑н. Лес клічам урэзаўся ў поле.

2. перан. Імкліва ўварвацца, пранікнуць куды‑н. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Машара. «Пабеда»таксі вырвалася з вясёлага маладога лесу і ўрэзалася ў залаты жытнёвы палетак. Васілевіч.

3. перан. Разм. Сутыкнуцца з разгону з чым‑н.; стукнуцца. Ракета раптам нырнула ўніз і ледзь не ўрэзалася ў скалы. Шыцік. [Міхаліна:] — Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці.. [Аляксандр Дзямідавіч] павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Шамякін.

4. перан. Надоўга запомніцца. На ўсё жыццё шмат якія з песень урэзаліся ў памяць, асабліва я любіў «Рэчаньку». Гурскі. [Іосіф Жыновіч:] — Мне ўрэзаўся ў памяць артыкул Аляксея Талстога, дзе ён палымяна заклікаў увесь народ да адпору праклятаму ворагу. «ЛіМ».

5. Абл. Закахацца ў каго‑н. [Адам:] — І вось так, неяк гуляючы на вячорках, я і ўрэзаўся, проста сказаць без нажа, у адну дзеўку. Нікановіч.

урэ́заць, урэжу, урэжаш, урэжа; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку чаго‑н., укараціць, паменшыць. Урэзаць крысо.

2. перан.; што. Зменшыць, скараціць аб’ём, колькасць, склад чаго‑н.; убавіць. Урэзаць зарплату. Урэзаць норму. Урэзаць штаты. Урэзаць расходы. // Абмежаваць. Урэзаць правы. Урэзаць паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выдзеўбанае, выразанае паглыбленне. Урэзаць замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем «не»). Разм. З цяжкасцю адрэзаць што‑н. вельмі цвёрдае. Мяса такое мерзлае, што не ўрэзаць.

5. што і чаго. Разм. Адрэзаць чаго‑н. [Міход:] — Урэжце [цётка Хіма] акрайчык свежага хлеба ды пашукайце ў каморы марожанага сальца. Я гэтак яго люблю. Сабаленка. [Дачка] ўнесла з каморы збан мёду, вялікі сыр, урэзала вяндліны. С. Александровіч. // Нарэзаць невялікую колькасць чаго‑н. [Сабастыян:] А я кагадзе дома каровам сечкі ўрэзаў, салому папалам з канюшынаю мяшаў. Чорны.

6. перан.; што і без дап. Разм. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць; грымнуць. Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце. Гарэцкі. Ідзе рота ў сталовую — песня гучыць. Як урэжуць «Тачанку» — усе вулачкі і закавулачкі дрыжаць. Ракітны. — Ото ўжо ўрэзаў, дык урэзаў! — смяялася бабка. — Каб яшчэ бубен, дык і танцаваць можна б было! Каліна. — Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Сяркоў.

7. каму, па чым і без дап. Разм. Моцна ўдарыць. [Мятла:] — Калі Сяргей збіў паліцэйскага з ног, дык другі ўрэзаў яму па галаве, і ён упаў. Машара. [Камейша:] — Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў, нягоднік, што адразу зваліў з ног... Пальчэўскі. [Вася:] — Я не стрываў, схапіў.. [Вярстоўскага] загрудкі і ўжо размахнуўся, каб урэзаць яму ў твар, ды ён лоўка перахапіў маю руку. Гаўрылкін. // Пабіць, збіць; пакараць. Ну ж і ўрэзалі тады.. [сялянам] казакі, і цяпер чухаюцца. Грахоўскі.

8. Разм. Імкліва паімчацца, пабегчы. Здымае шапку [старшыня сельсавета] з галавы і да яго: «Кось-кось!» — Нібыта ў шапцы той аўса ўволю. Але дурных няма, Буланы конь у поле Ўрэзаў так, што толькі ўзняўся пыл. Корбан. // Пайсці, паліць (пра дождж). Янка ўжо амаль дайшоў да чоўна, калі дождж урэзаў як след. Лупсякоў.

9. што. Разм. Рэзка і катэгарычна сказаць, заявіць што‑н. Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Мележ.

•••

Урэзаць дуба — тое, што і даць дуба (гл. даць).

Урэзаць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

урэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. урэзваць — урэзаць (у 1–3 знач.).