Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уры́вак, урыўка, м.

Тое, што з’яўляецца часткай чаго‑н. цэлага. Добра памятае.. [Васілёк] толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей. Маўр. Непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу. Пальчэўскі. // Невялікая частка якога‑н. тэксту, твора і пад. Зборы ператварылася ў нешта накшталт літаратурных вечароў: чыталі вершы, урыўкі з кніг. Шамякін. У Пятай сімфоніі [Р. Пукста] ўрыўкі з розных тэм аб’яднаны. Дубкова.

урыва́цца 1, ‑аецца.

Незак. да урыцца.

урыва́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уварвацца.

2. Зал. да урываць.

урыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уварваць, урваць.

уры́вачны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які адбываецца ўрыўкамі. Урывачныя сустрэчы. // Няпоўны, які складаецца з урыўкаў. Урывачныя звесткі.

уры́мсціцца, ‑мшчуся, ‑мсцішся, ‑мсціцца; зак.

Разм. Супакоіцца, угаманіцца. [Зося:] — А каб ты ведаў, Рыгор, як я цябе чакала! Проста ўрымсціцца не магла... Гартны. [Маці:] — Што з яе [Надзі] толькі будзе, чаго яна сабе шукае, чаму не ўрымсціцца, чаго ёй трэба? Галавач. [Эма:] Летась спалілі гумно, Можа, сяголета зноў.. Новую нашу абору? Хіба ж урымсціцца вораг? Глебка.

уры́мсціць, ‑мшчу, ‑мсціш, ‑меціць; зак. (пераважна з адмоўем «не»).

Разм. Утрываць, сцярпець. Тацяна не ўрымсціла, каб не пажартаваць. Зарэцкі. Я хоць і стары, але і сам бы не ўрымсціў на яго месцы. Машара.

уры́на, ‑ы, ж.

Спец. Мача.

[Лац. urina.]

уры́ўкамі, прысл.

Час ад часу, нерэгулярна. З-за шырокага дзядзінца ўрыўкамі даляталі да нас развясёлыя.. гукі гармоніка. Нікановіч. [Некаторыя вучні] таксама вучыліся ўрыўкамі, прапускалі заняткі. Колас. // Адрываючыся ад якіх‑н. спраў, прыхваткамі. [Вера] ўрыўкамі між вучобай у сярэдняй школе дапамагала паддойваць кароў сваёй цётцы. Дуброўскі.

уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).

2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.

3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.

уры́ць, урые; зак., што (пераважна з адмоўем «не»).

Змагчы разрыць, прарыць што‑н. (пра жывёл). Грунт цвёрды — свіння не ўрые.