урэ́зацца, урэжуся, урэжашся, урэжацца; зак.
1. Увайсці, уваткнуцца ў што‑н. вострым, вузкім канцом. Човен урэзаўся ў пясок лугавога берага. Кірэенка. // Рэжучы, уклініцца ў што‑н. З вострава выйшла жняярка, прайшла ўздоўж лесу, завярнулася і ўрэзалася сваімі вострымі зубамі ў залацісты аўсяны лес. Сташэўскі. // Глыбока ўесціся, упіцца. Каўнер кашулі балюча ўрэзаўся ў востры кадык, так, што перахапіла дыханне. Каршукоў расшпіліў яго. Асіпенка. [Чалавек] хацеў пераабуцца, бо мокрыя аборы надта ўрэзаліся ў ногі, толькі мала часу меў да світання, дык не стаў. Гарэцкі. // перан. Удацца, уклініцца вузкай палосай у што‑н. Лес клічам урэзаўся ў поле.
2. перан. Імкліва ўварвацца, пранікнуць куды‑н. У заднія рады натоўпу ўрэзаліся клінам конныя жандары. Машара. «Пабеда»таксі вырвалася з вясёлага маладога лесу і ўрэзалася ў залаты жытнёвы палетак. Васілевіч.
3. перан. Разм. Сутыкнуцца з разгону з чым‑н.; стукнуцца. Ракета раптам нырнула ўніз і ледзь не ўрэзалася ў скалы. Шыцік. [Міхаліна:] — Я не ведала, што гэта будзе: слова, ці яго рука ляжа на маю, ці.. [Аляксандр Дзямідавіч] павернецца, выпусціць руль, і мы ўрэжамся ў дрэва... Шамякін.
4. перан. Надоўга запомніцца. На ўсё жыццё шмат якія з песень урэзаліся ў памяць, асабліва я любіў «Рэчаньку». Гурскі. [Іосіф Жыновіч:] — Мне ўрэзаўся ў памяць артыкул Аляксея Талстога, дзе ён палымяна заклікаў увесь народ да адпору праклятаму ворагу. «ЛіМ».
5. Абл. Закахацца ў каго‑н. [Адам:] — І вось так, неяк гуляючы на вячорках, я і ўрэзаўся, проста сказаць без нажа, у адну дзеўку. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)