о́рган, ‑а, м.
1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.
2. перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу. «Звязда».
3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. □ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі. Новікаў. У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень. Кулакоўскі.
4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.
5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.
•••
Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.
Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.
[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]
о́ргія, ‑і, ж.
1. У старажытных народаў — рэлігійныя абрады, звязаныя з культам багоў віна і вінаробства (Дыяніса і Арфея — у Грэцыі, Вакха — у Рыме).
2. перан. Разгульнае, разбэшчанае баляванне. П’янкі, оргіі нібы знарок выдуманы, каб глушыць, таптаць тое прыгожае, што ёсць у душы. Навуменка.
[Грэч. órgia — тайныя абрады.]