орган, ‑а, м.

1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.

2. перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу. «Звязда».

3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. ▪ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі. Новікаў. У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень. Кулакоўскі.

4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.

5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.

•••

Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.

Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.

[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)