ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.
Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. □ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.
•••
Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.
Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.
Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).
Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.
На ноч гледзячы гл. гледзячы.
Ноч у ноч — кожную ноч.
Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.
но́чанька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Нар.-паэт. Ласк. да ноч. Ночанька мая ты, Водблеск глыбіні! Колас.
но́чвы, ‑аў; адз. няма.
Тое, што і начоўкі. У халодных сенцах стаялі ночвы з памытымі агуркамі. Чорны. Мужчыны ўхадзіліся і цяпер мыліся ў ночвах. Колас.
но́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ласк. да ноч.
но́ччу, прысл.
У начны час. Вылецелі з Масквы ноччу. Кулакоўскі. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, .. а ўвесь дзень імжэў не то дождж, не то снег. Грахоўскі.