Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

но́та 1, ‑ы, ДМ ноце, ж.

1. Умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі.

2. Асобны гук пэўнай вышыні ў музыцы і спевах. Высокія ноты ў песнях. □ На сярэдзіне сяла моцна за[й]граў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зніжаліся і разносіліся — ціха ды роўна. Каваль.

3. толькі мн. (но́ты, нот). Тэкст музычнага твора ў нотным запісе; сшытак, кніга або старонка з запісам музычнага твора. Адзін з.. [аркестрантаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў.

4. перан. Тон, інтанацыя мовы, якія выражаюць якое‑н. пачуццё. — Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота задавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі. Колас. На якіх нотах адбылася паміж.. [механізатарам і Міколам] размова, Мікола не расказваў нікому. Б. Стральцоў.

•••

Як да нотах — без цяжкасцей, вельмі лёгка.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

но́та 2, ‑ы, ДМ ноце, ж.

Афіцыяльны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой. Абмен нотамі. Нота пратэсту.

•••

Вербальная нота — дыпламатычнае пісьмовае паведамленне, не змацаванае подпісам, якое мае значэнне вуснай заявы.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

нотабе́на, нескл., ж.

Знак NB на палях кнігі, дакумента і пад., які служыць для таго, каб звярнуць увагу на гэтае месца ў тэксце.

[Ад лац. nota bene — заўваж добра.]

нотадрукава́нне, ‑я, н.

Друкаванне нот.

нотадрука́рня, ‑і, ж.

Друкарня, якая займаецца друкаваннем нот.

но́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Памянш. да нота ​1 (у 2 і 4 знач.). Песня лілася роўна, налад[жа]на: канец кожнай ноткі .. на крыл[ах] разлятаўся ва ўсе бакі. Кулакоўскі. — Не верашчы! — кінуў Сузан, і ў голасе яго пачуліся зласлівыя ноткі. Лынькоў.

но́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ноты ​1 (у 1, 3 знач.). Нотны сшытак. Нотны магазін. // Прызначаны для нот ​1 (у 1 знач.). Нотная папера. // Які з’яўляецца нотай ​1 (у 1 знач.). Нотны знак.

•••

Нотная азбука гл. азбука.