но́раў, ‑раву, м.
1. Характар, сукупнасць псіхічных якасцей. Круты нораў. Вясёлы нораў. □ Нораву.. [Кірыла] быў неспакойнага. Лупсякоў. [Маўра] не стала пярэчыць [мужу]. Не магла. Гэта было не ў яе нораве. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае. Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах. Колас. Калгасныя коні .. былі розныя — і па выгляду, і па звычках, і па нораву. Ракітны.
2. звычайна мн. (но́равы, ‑аў). Звычай, уклад жыцця, звычка. Учора ў клубе Барыс праслухаў лекцыю аб норавах капіталістычнага грамадства. Жычка.
•••
З норавам — упарты, наравісты.
норд, ‑у, М нордзе, м.
Спец.
1. Поўнач, паўночны напрамак.
2. Паўночны вецер. Калісьці я служыў на Каспіі. Мора гэтае вельмі зменлівае. То дзьме «марана» — вецер з поўдня, гонячы невысокія пеністыя хвалі, то раптам пачынае лютаваць шалёны «норд» і так расхвалюе мора, што яно ўскаламуціцца аж да дна. Хомчанка.
[Гал. noord.]
но́рдавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да норду; паўночны. Нордавы вецер.
норд-ве́ст, ‑у, М ‑весце, м.
Спец.
1. Паўночны захад, паўночна-заходні напрамак.
2. Паўночна-заходні вецер.
[Гал. noordwest.]
норд-о́ст, ‑у, М ‑осце, м.
Спец.
1. Паўночны ўсход, паўночна-ўсходні напрамак.
2. Паўночна-ўсходні вецер.
[Гал. noordoost.]
но́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Памянш. да нара; невялікая нара.
но́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Драпежны пушны звярок сямейства куніцавых, які дае каштоўнае футра ад цёмна-карычневага да серабрыста-блакітнага колеру. // Футра гэтага звярка.
но́ркавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да норкі 2. Норкавая шкурка. // Зроблены з футра норкі. Норкавая шуба.
но́рма, ‑ы, ж.
1. Устаноўленая мера, устаноўленыя памеры чаго‑н. [Аграном] сачыў за ачысткай насення і нормамі высеву. Брыль. [Сцёпка:] І мяне залічылі на рабфак звыш нормы, а потым усё ўладзілася. Колас. // Устаноўленая мера прадукцыйнасці працы. Нормы выпрацоўкі. □ Брыгада хутка стала вылучацца сярод іншых: і нормы пераконваліся і якасць работы з кожным днём узрастала. Кулакоўскі. // Спец. Тое, што і нарматыў. Тэхнічныя нормы. □ Трэба было зманціраваць маслаправод турбіны. Па норме на гэта адводзіўся роўна месяц. Дадзіёмаў. // Устаноўленая мера якіх‑н. спартыўных дасягненняў. Выканаць норму майстра спорту. // Сярэдняя, звычайная велічыня чаго‑н. Норма атмасфернага ціску. Норма выпадзення ападкаў.
2. пераважна мн. (но́рмы, норм). Агульнапрызнаныя, узаконеныя ў пэўным асяроддзі правілы паводзін людзей у грамадстве. Нормы паводзін. Этычныя нормы. □ [Буцкевіч:] Вашы падначаленыя парушаюць самыя элементарныя дыпламатычныя нормы. Вітка. // Устаноўленае, агульнапрынятае правіла ў мове, літаратуры і інш. У савецкі перыяд асноўныя граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы былі замацаваны школьнымі падручнікамі, дапаможнікамі для вышэйшых навучальных устаноў. Граматыка. // Узор. Узяць за норму што‑н.
3. Спец. Загаловак кнігі, звычайна скарочаны, які даецца дробным шрыфтам на першай старонцы кожнага друкаванага аркуша ўнізе з левага боку.
•••
Прыйсці (увайсці) у норму гл. прыйсці.
[Лац. norma.]
но́рыя, ‑і, ж.
Спец. Каўшовы элеватар з радам чарпакоў на рухомым ланцугу для падымання сыпкіх цел, вады і г. д.
[Ісп. noria.]