но́рма, ‑ы, ж.
1. Устаноўленая мера, устаноўленыя памеры чаго‑н. [Аграном] сачыў за ачысткай насення і нормамі высеву. Брыль. [Сцёпка:] І мяне залічылі на рабфак звыш нормы, а потым усё ўладзілася. Колас. // Устаноўленая мера прадукцыйнасці працы. Нормы выпрацоўкі. □ Брыгада хутка стала вылучацца сярод іншых: і нормы пераконваліся і якасць работы з кожным днём узрастала. Кулакоўскі. // Спец. Тое, што і нарматыў. Тэхнічныя нормы. □ Трэба было зманціраваць маслаправод турбіны. Па норме на гэта адводзіўся роўна месяц. Дадзіёмаў. // Устаноўленая мера якіх‑н. спартыўных дасягненняў. Выканаць норму майстра спорту. // Сярэдняя, звычайная велічыня чаго‑н. Норма атмасфернага ціску. Норма выпадзення ападкаў.
2. пераважна мн. (но́рмы, норм). Агульнапрызнаныя, узаконеныя ў пэўным асяроддзі правілы паводзін людзей у грамадстве. Нормы паводзін. Этычныя нормы. □ [Буцкевіч:] Вашы падначаленыя парушаюць самыя элементарныя дыпламатычныя нормы. Вітка. // Устаноўленае, агульнапрынятае правіла ў мове, літаратуры і інш. У савецкі перыяд асноўныя граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы былі замацаваны школьнымі падручнікамі, дапаможнікамі для вышэйшых навучальных устаноў. Граматыка. // Узор. Узяць за норму што‑н.
3. Спец. Загаловак кнігі, звычайна скарочаны, які даецца дробным шрыфтам на першай старонцы кожнага друкаванага аркуша ўнізе з левага боку.
•••
Прыйсці (увайсці) у норму гл. прыйсці.
[Лац. norma.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)