ноч, ‑ы; мн. ночы, начэй, начам, ночы, начамі, начах; ж.

Частка сутак ад захаду да ўсходу сонца, з вечара да раніцы. Да позняй ночы. Глухая ноч. ▪ Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль. Ноч выдалася зорная, цёплая. Якімовіч. З-за мяне маці не спіць цэлымі начамі. Бядуля.

•••

Белыя ночы — кароткія ночы на поўначы, калі вечаровы змрок непасрэдна пераходзіць у ранішняе світанне.

Палярная ноч — частка года за палярным кругам, на працягу якой не ўзыходзіць сонца.

Варфаламееўская ноч — масавае знішчэнне бязвінных людзей (назва ўзнікла пасля знішчэння гугенотаў католікамі ў Парыжы перад святам «святога Варфаламея» 24 жніўня 1572 г.).

Вераб’іная ноч — а) тое, што і рабінавая ноч; б) самая кароткая летняя ноч.

На ноч гледзячы гл. гледзячы.

Ноч у ноч — кожную ноч.

Рабінавая ноч — цёмная летняя ноч з громам, маланкай, праліўным дажджом або толькі з бесперапыннымі зарніцамі. Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, жахалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка. — Бываюць .. такія ночы, што дажджу няма, а бліскае з вечара да раніцы. Такія ночы ў нас называюць рабінавымі... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)