мля́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан млявага. Адзінотай і пустэчай Усюды веяла з палёў, Нейкай млявасцю старэчай Аддавала ад лугоў. Колас. Хочацца адсунуцца далей ад агню і не стае сіл, бо па ўсім целе разліваецца млявасць. Асіпенка.
мляве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Рабіцца млявым (у 1 знач.).
мля́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.
2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.
3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.