Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мло́сна, безас. у знач. вык.

Нядобра, моташна. Адчуўшы, што яму млосна, Максім Сцяпанавіч выйшаў на ганак і сеў проста на прыступку. Карпаў. Неяк раз на занятках па гімнастыцы ў школе Бобу зрабілася млосна, і ён страціў прытомнасць. Гарбук.

•••

Чарцям млосна (будзе, стане) — пра што‑н. такое, што выходзіць за межы звычайнага.

мло́снасць, ‑і, ж.

Тое, што і млосць. На хвіліну .. [Алесь] успамінае сябе, а потым наплывае змрок, млоснасць і адчай... Караткевіч.

мло́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да млосці. У Ярыгі кружылася галава, але пачуццё звычайнай чалавечай цікаўнасці перамагло млосную слабасць. Лынькоў.

2. перан. Прыкры, цяжкі; моташны. Млосны камарыны гуд. Млосная ноч. □ Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ.

млосць, ‑і, ж.

Непрыемнае пачуццё слабасці, якое наступае звычайна перад стратай прытомнасці, рвотай. Адагрэўшыся ў пасцелі, .. [Валя] адчула неспакой у сэрцы і млосць. Чорны. У [Іванавых] вачах, наганяючы непераадольную млосць, мільгалі і мільгалі абады. Быкаў.