млекако́рмячыя, ‑ых; адз. млекакормячае, ‑ага, н.
Клас вышэйшых пазваночных жывёл, якія кормяць дзіцянят сваім малаком.
мле́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. млець.
млець, млею, млееш, млее; незак.
1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.
2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.
3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.
4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.
мле́чны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на малако; малочны (у 7 знач.). Мы плылі па азёрах у млечным тумане цёплай ночы і абое маўчалі. Ваданосаў.
•••
Млечны сок гл. сок.
Млечны Шлях гл. шлях.