мля́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены бадзёрасці, энергіі, жывасці; вялы. Паліна Фёдараўна разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Паслядовіч. Графскі ляснік ляжаў млявы, як на полцы ў лазні пад венікам. Бядуля. // перан. Слабы, невыразным імглісты (пра гукі, святло і пад.). [Максім Рыгоравіч Мароз] неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан. Агледзець асобныя дэталі дапамагала млявае святло ліхтароў. Шынклер.

2. Які выклікае млявасць. Сонца над галавой, у сасонніку млявая парнасць. Навуменка. З агародчыка тугімі, густымі хвалямі ўліваўся млявы пах бэзу. Скрыган.

3. Павольны; стомлена-пяшчотны. Дзяўчына — што гэты летні дзень у лесе, млявая і чароўная. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)