Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

лёсавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з лёсу ​2, са слоем лёсу. Лёсавыя глебы. Лёсавае плато.

лёсападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па сваіх уласцівасцях і выгляду на лёс ​2. Лёсападобны суглінак.

лёска, ‑і, ДМ лёсцы; Р мн. ‑сак; ж.

Прымацаваная да вудзільна нітка (валасяная, капронавая і пад.) з рыбалоўным кручком на канцы. Лёска з’яўляецца адной з самых важных, самых адказных частак вуды. Матрунёнак.

лёскат, ‑у, М ‑каце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ляскатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачуўся глухі стук, лёскат каменняў. Самуйлёнак. На паўвоза ці зусім пустыя памчаліся да дарогі павозкі, поўнячы лёскатам наваколле. Хадановіч.

лёстачкі, ‑чак.

Памянш.-ласк. да лёсткі. [Сашка] і лёстачкамі і хітрыкамі хацеў убіцца ў дружбу з Максімам, заваяваць яго давер. Машара.

лёстка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кожная з папярочных планак паміж аглабінамі і ўзгал[а]ўем у драбінах. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў поруч. Чарнышэвіч.

лёсткі, ‑так; адз. лёстка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Разм. Ліслівыя словы, усхваленні. П’юць за здароўе, па парадку, усіх прысутных за сталом, а графу лёсткі сцелюць гладка і славяць чуць не каралём. Машара.